БНР У СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ПАЛІТЫЦЫ

85-я ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі наша краіна сустракае ў стане, калі яе дзяржаўны суверэнітэт знаходзіцца пад пагрозай скасавання. Беларусь у чарговы раз рызыкуе стаць ахвярай міжнароднага перадзелу ўлады, тэрыторый і рэсурсаў, бо новы расійска-нямецкі (пераважна антыамерыканскі скіраваны) хаўрус зноў падзяліў Еўрапейскі кантынент па свайму капылу і густу на зоны ўплыву і паглынання і праводзіць узгодненую палітыку ў дачыненні да Беларусі.
У сувязі з гэтым ёсць сэнс прыгадаць, што ўтварэнне і абвяшчэнне незалежнасці БНР сталася беларускім адказам на Берасцейскую змову бальшавіцкай Расіі і Нямеччыны, якія не спытаўшыся думкі беларусаў 3 сакавіка 1918 году, парвалі наш край на шматкі. Сёння, у выніку палітыкі паўзучай унутранай акупацыі з боку Расіі, якой удалося захаваць на нашай зямлі ўладу сваёй каланіяльнай адміністрацыі, а таксама дзякуючы перманентнай здрадзе беларускай псеўдаапазіцыі, на парадку дня стаіць пытанне аб інкарпарацыі нашай Бацькаўшчыны ў склад Расійскай федэрацыі. Таму мы зноў мусім звяртацца да БНР. Але звяртацца да БНР сёння мы мусім не як да гістарычнага факту, але як да гаранта беларускай дзяржаўнасці, як да магчымай рэальнай палітычнай апоры сучаснага беларускага Нацыянальна-вызвольнага руху ў барацьбе за незалежнасць і суверэнітэт Беларусі. Думаю, што БНР, яе Рада павінны стаць апорай НВР, стаць рэальнай палітычнай сілай, цэнтрам кансалідацыі дзяржаватворчых намаганняў беларусаў. Але можа і не стаць, калі толькі Рада апынецца пад уплывам псеўдаапазіцыі, якая, кажучы вобразна, прадаўшы Беларусь, ужо з імпэтам рыхтуецца да выбараў у дзяржаўную думу Расіі, каб разам з нашчадкамі імперыі Чынгізхана ісці ў Еўропу "да апошняга мора". 
Між іншым, няцяжка здагадацца, што ў межах плана легітымізацыі анексіі Беларусі Расіяй, у вачах міжнароднай супольнасці Радзе БНР адведзена пэўная роля. Магчыма, гэтая роля зусім пасіўная, калі рада проста застаецца малазначным архаічным палітказусам, з якім можна папросту не лічыцца ў рэальнай палітычнай гульні. Магчыма і больш актыўная роля, калі рада тым ці іншым спосабам павінна асвяціць інкарпарацыю (прыкладам, ухваліўшы яе як акт вызвалення беларусаў ад дыктатуры і далучэння іх да "дэмакратычнай" прасторы). Магчыма, прадугледжаны і самароспуск рады або яе поўная дыскрэдытацыя, каб дасягнуць канчатковага палітычнага вырашэння беларускага пытання. 
Як жа рэальна павядзе сябе Рада БНР ва ўмовах, калі Еўропа гатова заплюшчыць вочы на беларускую драму, гатова зробіць выгляд, што расійская акупацыя насамрэч ёсць спрадвечная мара беларусаў, а псеўдавыбары і псеўдарэферэндумы ёсць механізм дэмакратычнага волевыяўлення беларускіх грамадзян? Гэта будзе залежаць ад Рады БНР, ад палітычнай волі і свядомасці яе сяброў. Аднак гэта будзе залежаць не толькі ад яе, але і ад палітычнай волі беларускага НВР, бо вядома, што караля гуляе світа, а кароль, чые загады ніхто не выконвае, ператвараецца ў шута.
Як жа вызначыць ролю БНР і яе Рады ў сучасным свеце? Пытанне гэтае вымагае ўсебаковага разгляду. 
Найперш трэба пабудаваць адэкватную мадэль палітычнай прасторы краіны. Для чаго вызначыць яе структуру, галоўныя палітычныя сілы, іх функцыі, сацыяльную базу, унутрыпалітычныя і знешнепалітычныя вектары дзейнасці. Адзін з варыянтаў такой мадэлі прадстаўлены на мал.1. Нацыянальна-вызвольнаму руху, які адлюстроўвае сапраўдныя інтарэсы беларускага народу, па лініі "суверэнітэт - анексіянізм" супрацьстаяць дзьве генетычна звязаныя паміж сабой палітычныя сілы: Каланіяльная адміністрацыя і Аб'яднаная псеўдаапазіцыя, якія на беларускім палітычным полі выступаюць як дзьве рукі расійскага імперыялізму. Функцыянальна Каланіяльная адміністрацыя на чале з прэзідэнтам займаецца падаўленнем нацыянальна-вызвольнага руху і рэальна забяспечвае ажыццяўленне расійскіх нацыянальных інтарэсаў на Беларусі. Аб'яднаная псеўдаапазіцыя функцыянальна забяспечвае стварэнне псеўдаальтэрнатывы рэжыму ў вачах як беларускага народу, гэтак і міжнароднай супольнасці. Дзеля гэтага яна змагаецца супраць НВР, імкнучыся яго дыскрэдытаваць, разбурыць і абяскровіць, пазбавіўшы найперш людскіх рэсурсаў унутры краіны і міжнароднай падтрымкі за яе межамі. Адначасова Аб'яднаная псеўдаапазіцыя выконвае функцыю кантролю за дзейнасцю Каланіяльнай адміністрацыі з боку Расіі, якая з дапамогай "аб'яднаных" захоўвае высокую ступень кіруемасці беларускага палітычнага працэсу і не дазваляе свавольнічаць сваёй КА. (Дарэчы, тая частка Аб'яднанай апазіцыі, якая не можа непасрэдна і адкрыта супрацоўнічаць з Расійскім кіраўніцтвам, кантралюецца Нямеччынай і некаторымі міжнароднымі структурамі, якія знаходзяцца пад моцным нямецкім уплывам. Пры тым трэба памятать, што Нямеччына і Расія праводзяць у дачыненні да Беларусі цалкам узгодненую палітыку.)
Адначасова трэба разабрацца ў тым, якія легітымныя структуры ўлады і асобы засталіся на беларускім палітычным полі, у якім стане яны рэальна знаходзяцца, якую пазіцыю займаюць, пад чыім уплывам знаходзяцца, які палітычны патэнцыял маюць і на што яны ў прынцыпе здольныя. Затым трэба разабрацца ў тым, якіх структурных, арганізацыйных, прававых, рэсурсных, маральна-псіхалагічных чыннікаў не хапае, каб сфармаваць дзеяздольную і ўстойлівую, нацыянальна арыентаваную незалежніцкую палітычную структуру і вызначыць месца, якое ў ёй можа заняць Рада БНР. Магчымы варыянт структурнай арганізацыі змагання за дзяржаўнасць Беларусі з удзелам Рады БНР і НВР прадстаўлены на мал.2. Ступень легітымнасці Рады БНР і ступень яе аўтарытэту ўнутры і за межамі Беларусі мог бы ўзняць абраны пад яе эгідай і пры дапамозе структур НВР Грамадзянскі парламент. Апошні мог бы выступіць пасярэднікам паміж Радай БНР і беларускім народам, які адзін ёсць сапраўднай крыніцай ўлады. Адначасова Грамадзянскі парламент супольна са структурамі НВР і беларускага самакіравання мог бы стаць правадніком легітымнай выканаўчай улады на Беларусі.
Што тычыцца самой Рады БНР, то яе палітычнае значэнне як легітымнай дзяржаўнай структуры БНР ва ўмовах скасавання суверэнітэту Рэспубліцы Беларусь, можа надзвычай узрасці. Тады ідэя адраджэння Беларускай Народнай Рэспублікі запатрабуе неадкладнага рэальнага ўвасаблення. Думаю, што трэба быць да гэтага гатовымі ўжо цяпер.
22 сакавіка 2003г.

Hosted by uCoz