Ідзе Вялікая Чарнобыльская вайна!

15 год мінула з часоў катастрофы на Чарнобыльскай АС. Аднак яе наступствы для нас усё яшчэ не сталі гісторыяй, бо яны моцна трымаюць у сваіх смяротных кіпцюрах наш народ.
Ужо відавочна, што для беларусаў чарнобыльская навала па сваіх дэмаграфічных наступствах значна пераўзыходзіць другую сусветную вайну, калі загінуў кожны трэці беларус. Але яшчэ страшней тое, што мы не ведаем, на колькі большую за вайну шкоду гэтая катастрофа нам прынясе ў перспектыве, бо наступствы яе толькі разгортваюцца.
Каб не баць галаслоўным, спашлюся на вынікі апошняга перапісу насельніцтва Гомельшчыны (1999г.). Паводле яго пабудавана так званая дэмаграфічная піраміда, якая адлюстроўвае структуру насельніцтва па ўзроставым групам (мал.1). У норме такая піраміда павінна мець шырокае аснаванне, масіўнае цела і вузкае наверша. Шырыня аснавання залежыць ад колькасці нованароджаных і дзяцей ва ўзросце да чатырох гадоў. Вышыня цела піраміды залежыць ад сярэдняй працягласці жыцця людзей, вышыня наверша -- ад максімальнай працягласці жыцця доўгажыхароў. Плошча ўсёй піраміды прапарцыянальна колькасці насельніцтва Гомельшчыны.

Вядома, што ў постчарнобыльскі перыяд народанасельніцтва нашай вобласці няўмольна змяншаецца (мал.2).
Гэта звязана з няўхільным павелічэннем смяротнасці, зніжэннем нараджальнасці і скарачэннем працягласці жыцця (мал.3).

Як гэта адбілася на форме дэмаграфічнай піраміды, добра бачна, бо за апошнія 15 год яна набыла выгляд падсечанага дрэва: яе аснаванне стала ўдвая вужэйшае за цела! А гэта ў сярэднетэрміновай перспектыве азначае змяншэнне насельніцтва рэгіёна ўдвая! (На малюнку 4 паказаны прагназуемы выгляд дэмаграфічнай піраміды Гомельшчыны. Бачна, што яе плошча ўдвая меншая за цяперашнюю.) Але такі прагноз справядлівы толькі ў тым выпадку, калі сітуацыю ўжо сёння ўдасца стабілізаваць, калі ўдасца спыніць рост смяротнасці і зніжэнне нараджальнасці. Калі ж стабілізаваць гэтыя паказчыкі не ўдасца, дык можна чакаць поўнага вымірання палешукоў.

Не будзе перабольшваннем сцвярджаць, што падобныя тэндэнцыі і прагнозы характэрныя і для іншых, пацярпелых ад катастрофы, рэгіёнаў краіны, і для ўсёй Беларусі цалкам, бо на мапе нашай краіны чарнобыльская навала ў літаральным сэнсе не пакінула "жывога" месца.
Прадбачу аргумент апанентаў, што пагаршэнне дэмаграфічнай сітуацыі на Гомельшчыне і Беларусі цалкам звязана не толькі з медыка-біялагічнымі наступствамі катастрофы на ЧАЭС, але і з сацыяльнымі, эканамічнымі і палітычнымі фактарамі. І з такой тэзай нельга не пагадзіцца. У тэарэтычным плане сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя фактары нашага жыцця могуць у значнай ступені мінімізаваць наступствы радыяцыйнай катастрофы або ўзмацніць іх.
Бяруся сцвярджаць, што ў нашым выпадку палітыка кіраўніцтва краіны (каланіяльнай адміністрацыі часоў СССР і РБ) была скіравана не на ліквідацыю наступстваў чарнобыльскай бяды, а на іх прыхаванне, што ў значнай ступені і прывяло да дэмаграфічнай катастрофы, да вымірання насельніцтва.
Сапраўды, спачатку савецкімі, а пазней беларускімі каланіяльнымі ўладамі быў абраны езуіцкі метад змяншэння наступстваў аварыі на ЧАЭС, які можна звесці да формулы: "ХТО НЕ НАРАДЗІЎСЯ -- ТОЙ АД РАДЫЯЦЫІ НЕ ПАМРЭ". Адразу пасля чарнобыльскай аварыі цяжарным беларускім жанчынам настойліва рэкамендавалі пазбаўляцца ад плоду, бо нібыта рызыка нарадзіць "чарнобыльскага мутанта" была высокая. Такая рызыка сапраўды ў той час была больш высокая, чым звычайна, але ці падстава гэта для таго, каб пусціць пад "нож" цэлае пакаленне беларусаў? Безумоўна, не. Але працавала іншая, людажэрная логіка -- лепш забіць 1000 здаровых плодаў, чым сапсаваць постчарнобыльскую статыстыку парокаў ад нараджэння адным дадатковым "мутантам"! На малюнку 3 стрэлкай адзначана рэзкае зніжэнне нараджальнасці ў 1987 годзе, якое звязана з не менш рэзкім павелічэннем колькасці "абортаў па медычных паказаннях".
Аднак адным годам усё не скончылася. Пасля адноснага "рэнесанса" 1988 года, калі нараджальнасць трохі павысілася, назіралася далейшае ўстойлівае зніжэнне паказчыка нараджальнасці, звязанае са штучным яе стрымліваннем. Стрымліваць нараджальнасць было тым лягчэй, што да чарнобыльскага сіндрома (страха нарадзіць непаўнавартае дзіця) дадаліся эканамічныя (зніжэнне ўзроўня жыцця) і сацыяльныя (разбурэнне сям'і) праблемы, якія павялічылі няўпэўненасць у заўтрашнім дні. На гэтым фоне малейшыя сумненні гінеколага адносна развіцця цяжарнасці ўспрымаліся жанчынамі, як прамы загад на выкананне аборта. У выніку дайшло да таго, што сёння з кожных трох зачатых беларусаў двух забіваюць у чэраве маці!!! Фактычна некалькі пакаленняў беларусаў у літаральным сэнсе былі спушчаны ў бальнічны ўнітаз! Гэта нябачны ў свеце і ганебны факт. Ва ўсякім выпадку, Гітлеру такое і не снілася.
Катастрафічнае зніжэнне нараджальнасці ўсе гэтыя гады адбывалася на фоне няўмольнага роста смяротнасці і скарачэння працягласці жыцця. У выніку чаго ў 1991-92 годах на Гомельшчыне ўтварыліся так званыя дэмаграфічныя нажніцы (мал.3), калі смяротнасць дагнала, а пасля і перагнала нараджальнасць. Тэмпы вымірання людзей пачынаюць павялічвацца (мал.2). На цяперашні час адмоўны прырост насельніцтва вобласці складае мінус пяць чалавек на кожную тысячу. Пры гэтым у асобных раёнах Гомельшчыны (Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Гомельскі, Добрушскі, Лоеўскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі раёны) смяротнасць ў два-тры разы перавышае нараджальнасць, а адмоўны прырост складае мінус 10-15 чалавек на тысячу!
Якія ж захады прымаюць каланіяльныя ўлады ў сувязі са скарачэннем насельніцтва? Паказальна, што яны спрабуюць выправіць дэмаграфічную статыстыку, не ратуючы беларусаў, а заахвочваючы каланізацыю Палесся прышлым элементам з усёй прасторы былога СССР. У 1997 годзе Гомельскі аблвыканкам з дазволу Саўміна прымае пастанову, па якой легалізуюцца, атрымліваюць работу, жыхарства, сацыяльныя гарантыі ўсе нелегальныя мігранты ў большасці раёнаў Гомельшчыны. У выніку такой палітыкі ўладаў на Палессе пацягнуліся дзесяткі тысяч бежанцаў, бамжоў і беглых крымінальнікаў з Расіі, Таджыкістана, Афганістана, Узбекістана, Малдовы, гарачых кропак Каўказа… Па колькасці мігрантаў Беларусь выйшла на вядучае месца ў Еўропе. Вось так на нашых вачах пад монаэтнічную Беларусь закладаецца бомба будучых міжэтнічных канфліктаў!
У структуры смяротнасці Гомельскай вобласці першае месца займаюць хваробы крывазвароту (56,6%), другое -- новаўтварэнні (13,2%). І ў першым і ў другім выпадках прасочваецца ўплыў радыяцыйнага фактару: вядома, што менавіта сэрца больш іншых органаў інкарпаруе радыяцыйны цэзій, вядома таксама, што малыя дозы радыяцыі значна павялічваюць рызыку новаўтварэнняў.
За постчарнобыльскі перыяд значна скарацілася сярэдняя працягласць жыцця людзей і асабліва мужчын (62 гады), якія ў большасці не дажываюць да пенсійнага ўзросту. Яшчэ горшая статыстыка працягласці жыцця вяскоўцаў.
Нягледзячы на такія адмоўныя тэндэнцыі каланіяльныя ўлады шмат гадоў фактычна ігнаруюць праблемы пацярпелых рэгіёнаў. Заганнай практыкай стала фінансаванне так званых чарнобыльскіх праграм на 10-30% ад запланаванага (не кажучы ўжо ад неабходнага). Чарговая праграма з помпай прымаецца, закладваецца ў бюджэт, а пасля не выконваецца. І так з года ў год. Прыкладам, толькі летась Веткаўшчына недаатрымала з чарнобыльскага фонду больш за 100 мільёнаў рублёў. Як вынік такой палітыкі, у пацярпелых ад аварыі Свяцілавічах за 15 гадоў не здолелі нават правесці газіфікацыю, і мясцовыя жыхары па-ранейшаму гатуюць ежу на мясцовых жа радыеактыўных дровах у печах, ужо празваных у народзе "атамнымі міні-рэактарамі". Ужо даўно не ідзе нават гаворкі пра забеспячэнне людзей чыстымі прадуктамі харчавання, вадой. Працягваецца сельскагаспадарчае і бытавое выкарыстанне зоны адчуджэння. Нідзе пры правядзенні сельскагаспадарчых работ не выконваюцца нават прымітыўныя мерапрыемствы, накіраваныя на ахову здароўя працоўных.
Характэрна, што за паўтары дзесяцігоддзі на дзяржаўным узроўні ніхто нават не паставіў задачу фармавання ў людзей постчарнобыльскай культуры -- спецыфічнага спосаба жыцця (выжывання) людзей, якія вымушаны існаваць ва ўмовах уздзеяння малых доз радыяцыі. Гэтаму не вучаць дзяцей у школах. Гэтаму не вучаць настаўнікаў і бацькоў. Таму і новае пакаленне беларусаў таксама не мае шанцаў на выжыванне!
Падводзячы вынікі сказанага, можна канстатаваць, што:
- катастрофа на ЧАЭС нясе смяротную пагрозу беларускаму народу, які і па сёння не здолеў даць адэкватнага адказу на яе выклік;
- медыка-дэмаграфічныя наступствы атамнай катастрофы 1986 года для беларусаў ужо пераўзыходзяць наступствы другой сусветнай вайны і ў перспектыве пагражаюць нашаму народу выміраннем;
- каланіяльная адміністрацыя нашай краіны праводзіць палітыку прыхавання наступстваў чарнобыльскай бяды, замест іх ліквідацыі, што спрыяе разгортванню дэмаграфічнай катастрофы на Беларусі;
- эканамічныя, сацыяльныя і культурныя наступствы ўладарніцтва чужынцаў праяўляюцца ў эканамічным, сацыяльным і культурным заняпадзе краіны, на фоне чаго наступствы чарнобыльскай навалы павялічваюцца шматкроць.
Асэнсаваць праблему і ясна яе сфармуляваць -- гэта важная частка справы, але яшчэ не ўся, бо трэба таксама адказаць на пытанне: як гэтую праблему можна вырашыць?
Абсалютна відавочна, што вырашэнне акрэсленай праблемы немагчыма ва ўмовах каланіяльнага існавання беларусаў. Калоніі для таго і патрэбны, каб іх рабаваць. Таму каланіяльны статус Беларусі, яе палітычная і эканамічная падпарадкаванасць Расіі не пакідаюць нашаму народу шанцаў на выратаванне.
Вось чаму найпершай палітычнай умовай выратавання ёсць адхіленне ад улады каланіяльнай адміністрацыі (незалежна ад таго, хто яе ўзначальвае сёння і хто б яе не ўзначаліў заўтра) і замена яе нацыянальным урадам, які будзе прама зацікаўлены ва ўратаванні нацыі, у сапраўднай ліквідацыі наступстваў аварыі.
Як паказвае вопыт нашых бліжэйшых суседзяў (Польшча, Прыбалтыка, Чэхія…), рэальная незалежнасць гарантуе ўздым эканомікі і ўзроўня жыцця насельніцтва, адраджэнне культуры, што стварае спрыяльны сацыяльна-эканамічны фон для пераадолення наступстваў экалагічнай катастрофы.
Нацыянальны ўрад павінен распрацаваць рэальную (а не дэкларатыўную) праграму ліквідацыі наступстваў аварыі і паслядоўна яе рэалізаваць.
На мой погляд, у адным са сваіх раздзелаў гэта праграма павінна прадугледжваць правядзенне з дапамогай дзяржаўных СМІ інфармацыйнай палітыкі, накіраванай на давядзенне да насельніцтва ўсёй небяспекі пражывання на забруджаных землях, усіх медыка-дэмаграфічных наступстваў катастрофы, а таксама прапаганду постчарнобыльскай культуры, авалодаць якой за кароткі час павінны не толькі дзеці, але і дарослае насельніцтва. Дашкольныя і школьныя ўстановы краіны таксама павінны будуць заняцца фармаваннем постчарнобыльскай культуры дзяцей і моладзі.
Адначасова давядзецца прыняць меры па даадсяленню людзей з тэрыторый, дзе бяспечнае пражыванне немагчымае, астатняе насельніцтва павінна быць забяспечана радыяцыйна чыстымі прадуктамі харчавання і вадой.
Запатрабуе неадкладнага вырашэння і задача павелічэння нараджальнасці і працягласці жыцця, а таксама зніжэння захворваемасці і смяротнасці насельніцтва… Але я не збіраюся тут выкладаць нейкую гатовую праграму, бо разглядаемая праблема мае агульнанацыянальны характар і павінна вырашацца на дзяржаўным ўзроўні, з прыцягненнем лепшых беларускіх і замежных спецыялістаў.

Уладзімір СТАРЧАНКА, кандыдат педагагічных навук,
намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі -- БНФ.

P.S. Фактычна на працягу 15 постчарнобыльскіх гадоў супраць беларусаў каланіяльнымі ўладамі вядзецца неабвешчаная прыхаваная вайна, мэта якой -- знішчэнне беларускага народу, вызваленне жыццёвай прасторы і засяленне яе прышлым элементам. Дзеля гэтага не выкарыстоўваюцца, як у ранейшыя часы, самалёты, танкі, агнястрэльная зброя, газавыя камеры і не будуюцца "асвенцымы". Хаця і пачалася яна ўвесну 1986 года як раз з таго, што савецкія ваенныя самалёты асаджалі радыяцыйныя аблокі на Гомельшчыну і Магілёўшчыну.
У век інфармацыйных і палітычных тэхналогій у гэтым няма патрэбы. Асабліва, калі гаворка ідзе пра знішчэнне зрусіфікаванага за 200 гадоў каланіяльнага існавання "братняга" беларускага народа, якому нож пад сэрца можна засунуць, гледзячы прама ў вочы і гаворачы пяшчотныя словы пра вечную любоў і інтэграцыю. Нашы даверлівыя людзі ўсё роўна пярэчыць не будуць. Не чачэнцы ж якія-небудзь.
А ўсё ж такі, відаць, прыйдзецца нам паўстаць на абарону сваіх дзяцей, бо іншага не дадзена!
Не паміраць жа на самой справе ад радыяцыі, інтэграцыі і каланіяльнай адміністрацыі!!!?

Hosted by uCoz