Дзень Незалежнасцi?

3 лiпеня каланiяльная Беларусь адсвяткавала так званы "дзень незалежнасцi". Канечне, для тых, каму свята - гэта проста нагода напiцца i не пайсцi на работу, i 3 лiпеня "дзень незалежнасцi". Напэўна не кожны разумее чаму наша каланiяльная адмiнiстрацыя абрала для "дня незалежнасцi" менавiта 3 лiпеня 1944 года?
А справа ў тым, што як раз 3 лiпеня 1944 года наша Беларусь была падзелена лiнiяй фронту прыкладна на дзве роўныя часткi памiж фашысцкiм Рэйхам i Савецкай iмперыяй. За камунiстамi заставалiся Вiцебск, Магiлёў, Гомель, Бабруйск i Мiнск, а за фашыстамi - Гродна, Брэст, Беласток, Баранавiчы, Пiнск, Лiда, Маладзечна. У нямецкай частцы Беларусi лютавалi фашысты-эсэсаўцы, на савецкай - камунiсты-энкавэдысты. Паводле гiсторыка Ю.Туронка, на рахунку як адных, гэтак i другiх, прыкладна па 50% загiнуўшага ў той вайне насельнiцтва нашай краiны.
Лета 1944 года - апагей генацыду беларускага народа, якi аказаўся неабароненым памiж жорнамi самай лютай у гiсторыi ХХ стагоддзя вайны - вайны памiж фашысцкай Германiяй i Савецкай iмперыяй за сусветнае панаванне. Абаранiць беларусаў ад генацыду магла толькi свая дзяржаўнасць, але яе не было, дзяржаўная незалежнасць, але яе не было, нацыянальнае войска, але яго не было, мiжнародныя гарантыi, але i iх не было. У вынiку менавiта беларусы больш за ўсiх iншых пацярпелi ў гэтай вайне. У нас загiнуў кожны трэцi жыхар. Такiх стратаў не было нi ў немцаў, нi ў палякаў, нi ў рускiх.
Кашчунства - святкаваць дзень незалежнасцi ў дзень, калi краiна ляжала раздаўленая коламi танкаў заваёўнiкаў, i нiхто не хацеў пачуць знямелы ад страху i болю крык памiраючай Беларусi. Але для каланiяльнай адмiнiстрацыi гэта сапраўды свята, бо ёй патрэбны як раз такi знямелы, страцiўшы свядомасць i памяць народ, якiм лёгка кiраваць. А на каго працаваць - на Берлiн, Маскву цi Токiа - для каланiяльнай адмiнiстрацыi не мае прынцыповага значэння. Навучыцца крычаць "Хайль Гiтлер" замест "Слава Сталiну" не так ужо i складана. Гэта толькi заклiк "Жыве Беларусь!" - застрае ў iхняй глотцы.
Уладзiмiр СТАРЧАНКА

 

Hosted by uCoz