МАДЭЛЬ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ КУЛЬТУРЫ

Уводзіны

Гiстарычны працэс ажыццяўляецца непазбежна i незалежна ад волi асобных людзей, палiтычных партый i нават народаў, таму галасаваць на ўсесаюзным рэферэндуме за захаванне СССР было гэтак жа бессэнсоўна, як i за тое, каб сонейка не ўзыходзiла. Але гэта зусiм не азначае, што людзi не могуць уплываць на хуткасць i характар гiстарычнага развiцця. Людзi могуць або спрыяць (свядома цi несвядома) развiццю гiсторыi, або, ахвяруючы жыццём (звычайна чужым) яго тармазiць. Для прыкладу, Гiсторыя яшчэ напачатку 20-га стагоддзя вынесла свой прысуд Расiйскай iмперыi, але бальшавiкi, ахвяраваўшы на алтар Сатаны жыццё каля 80 мiльёнаў сваiх суайчыннiкаў, здолелi адцягнуць выкананне прысуду на 74 гады. I ўсё ж тое, што павiнна было здарыцца, - здарылася, i нават камунiстычны Вярхоўны Савет Беларусi быў вымушаны пайсцi на абвяшчэнне незалежнасцi i суверэнiтэту Бацькаўшчыны. Таму найлепшае, што могуць зрабiць людзi, - гэта паспрабаваць зразумець ход Гiсторыi i не перашкаджаць яму (бо занадта ўжо дорага гэта каштуе), а спрыяць. Але рэваншысты як на Беларусi, так i ў Расii не пакiнулi планаў рэанiмацыi расiйскай iмперыi хоць бы i ў выглядзе iмперыi руска-фашыстоўскай. Беларусь, мяркуючы па стараннай падрыхтоўцы i зладжанаму ажыццяўленню крызiсу нашай дзяржаўнасцi, займае ў iх планах зусiм не апошняе месца. Спрыяе гэтаму найперш адсутнасць нацыянальнай свядомасцi ў значнай часткi беларусаў, што дазваляла раней i дае падставы цяпер выкарыстоўваць iх у антыбеларускiх мэтах. Калi для ажыццяўлення такiх планаў не хопiць, як у мiнулыя разы. жыццяў кожнага чацьвёртага, або трэцяга беларуса, то яны лёгка ахвяруюць i ўсiх астатнiх. Як паказвае гiстарычны досвед, з дапамогай мясцовых манкуртаў гэта ажыццявiць не вельмi складана. Галоўнае, толькi гаварыць, што белерусаў вынiшчаюць дзеля iх жа карысцi, i не забывацца кожную хвiлiну ўзносiць да нябёс самаахвярны подзвiг беларускага народу.
Што ж можна процiпаставiць сёння добра арганiзаванаму i кiруемаму з-за мяжы антыбеларускаму руху? Як змянiць жудасны i звыклы лёс народа-ахвяры? Як зберагчы беларускi народ ад вынiшчэння ў мiжнацыянальных канфлiктах, цi то пазбавiць удзелу ў расiйскай грамадзянскай вайне, што ўсё больш наблiжаецца? Як зберагчы i адстаяць незалежнасць Бацькаўшчыны, захаваць мiр i дабрабыт у беларускiх хатах? Шлях тут ёсць толькi адзiны i добра вядомы - адраджэнне беларускай нацыянальнай культуры, як адзiна магчымага для нас спосаба iснавання ў гэтым свеце. Iншага шляху ўратаваць жыццё народа няма, i ў гэтым мы ужо маглi пераканацца. Але адраджэнне нацыянальнай культуры - справа вельмi i вельмi складаная, i тут не абыдзешся без стварэння нейкай канцэпцыi або мадэлi нацыянальнай культуры.
Увогуле кажучы, канцэпцый-мадэляў адной i той жа з'явы можа быць створана вялiкая колькасць. Яны могуць быць больш або менш складанымi i распрацаванымi, падкрэслiваць той цi iншы бок з'явы, або спрабаваць ажыццявiць iнтэгральны падыход. Нарэшце мадэлi могуць быць слоўнымi, механiчнымi, матэматычнымi, i гэта ўжо ў залежнасцi ад ступенi развiцця навукi, ў межах якой яны ствараюцца. Але ў любым выпадку мадэль павiнна адпавядаць самае меншае двум асноўным патрабаванням: яна павiнна быць простай i павiнна працаваць (гэта значыцца дакладна апiсваць стан з'явы ў мiнулым i сучасным i тым даваць падставы для прагнозу). Правiльна зробленая мадэль дае магчымасць свядома кiраваць станам з'явы або працэсу, бо дае магчымасць знайсцi самi рычагi кiравання.
Мадэль нацыянальнай культуры, пра якую пойдзе гаворка далей, пакуль не можа быць нiякай iншай, як слоўнай, i ўжо з-за гэтага вельмi недасканалай. Больш таго, культура разглядаецца ў ёй у асноўным праз прызму свядомасцi, што, на погляд аўтара, цалкам абгрунтавана, паколькi менавiта наяўнасць развiтой свядомасцi вылучае чалавека з жывёльнага свету i з'яўляецца генератарам вельмi спецыфiчнай з'явы - чалавечай культуры. Культура тут разглядаецца як спосаб iснавання чалавека, народа, цывiлiзацыi. Яшчэ хацеў бы заўважыць, а безумоўна чытач i сам бы заўважыў, што ў мадэлi не знайшлося месца такой надзвычай важнай з'яве, як рэлiгiя, гэта зроблена не толькi дзеля прастаты, але i для таго, каб абудзiць думку чытача i "прымусiць" яго папрацаваць з мадэллю i самастойна вызначыць для рэлiгii пачэснае месца. Хай чытач даруе за такiя прыёмы, бо я ў iх сам шчыра прызнаўся.
Прапануючы ўвазе чытачоў мадэль нацыянальнай культуры, хацеў бы спадзявацца на iх шчырасць i непрадузятасць, гатоўнасць зразумець i развiць, або прапанаваць сваё, а не толькi зруйнаваць i зганьбiць.

1. Аб культуры.

Культура ў агульным сэнсе слова ёсць сукупнасць матэрыяльных i духоўных здабыткаў чалавецтва, што iснуюць i праяўляюцца на бытавым, мастацкiм, навуковым i духоўным узроўнi. Пад культурай звычайна разумеюць i сам працэс стварэння пералiчаных каштоўнасцяў. Да з'яваў культуры адносiцца ўсё, што чалавек робiць свядома, менавiта як чалавек. Адначасова да яе не адносiцца ўсё тое, што чалавек робiць несвядома, не ўсведамляючы сваю чалавечую сутнасць, усё тое, на чым не ляжыць пячатка свядомай чалавечай дзейнасцi.
Агульначалавечая культура складаецца з нацыянальных культур ў вынiку iх узаемадзеяння i ўзаемаабагачэння. Уцiск, падаўленне або знiшчэнне адной нацыянальнай культуры з боку iншай ёсць з'ява недапушчальная, што можа быць прыроўнена да злачынства супраць чалавечнасцi. Страта любой нацыянальнай культуры збядняе культуру агульначалавечую, памяншае колькасць альтэрнатыўных варыянтаў развiцця чалавецтва, што вельмi небяспечна для ўсёй цывiлiзацыi.

2. Аб культуры нацыянальнай.

Нацыянальная культура ёсць сукупнасць матэрыяльных i духоўных каштоўнасцяў, што створаны нацыяй як супольнасцю людзей, што маюць агульную гiсторыю, мову i рысы нацыянальнага характару, на падставе чаго ўсведамляюць сваю адметнасць i непадобнасць да iншых. Нацыянальная свядомасць - умова захавання i развiцця любой нацыянальнай культуры, бо без яе губляецца сам творца i носьбiт нацыянальнай культуры - народ. Народ, што пазбаўлены нацыянальнай свядомасцi, не можа не толькi развiваць, але i наогул мець сваю адметную нацыянальную культуру, бо ён паступова страчвае ўласную гiсторыю, мову, апошнiя адметныя рысы нацыянальнага характару i памiрае.
Нацыянальная культура ствараецца народам праз нацыянальную свядомасць, што ўсталёўваецца i мацуецца на глебе нацыянальнага характару, нацыянальнай мовы i нацыянальнай гiсторыi, якiя ў сваю чаргу вынiкаюць (з рознай ступенню залежнасцi) з нацыянальнага генатыпу i фенатыпу народа (мал. 1).

Мал. 1.Мадэль нацыянальнай культуры.
Самое iснаванне розных нацьiяў i народаў на бiялагiчным узроўнi забяспечваецца адметнасцю i ўстойлiвасцю iх генатыпаў да знешнiх (найперш папiтычных) фактараў iх iснавання. Менавiта таму, як у старажытны, так i ў наш час народы, што стваралi i ствараюць iмперыi, калi не дае плёну культурная асiмiляцыя (праз вынiшчэнне нацыяналынай свядомасцi) ўжывалi i ўжываюць апошнi пачварны сродак - генацыд.
3 трох каранёў нацыянальнай свядомасцi найбольшую трываласць да знешнiх фактараў i ўплываў мае, безумоўна, нацыяналычы характар, бо ён у найбольшай ступенi вызначаецца генетычным кодам народа. Меншую сувязь з генатыпам i фенатыпам народа мае нацыянальная мова, таму яна больш лёгка паддаецца ўплыву вонкавых фактараў i ва ўмовах мэтанакiраванай i дастагкова працяглай асiмiляцыйнай моўнай палiтыкi можа быць нават страчана. Але найменшую трываласць усё ж мае гiстарычная памяць народа, бо яна ў найменшай ступенi вызначаецца генетычнымi фактарамi i непасрэдна з iх не вынiкае. Ва ўмовах акупацыi пазбавiць народ ведаў пра ўласную гiсторыю найбольш проста, нацыянальнай мовы - значна больш складана, нацыянальнага характару - амаль немагчыма.
Уплыў, што аказвае на нацыянальную свядомасць народа кожны з пазначаных каранёў, таксама не раўнаважны. Але тут усё наадварот. Найбольшы ўплыў на ўзнiкненне i захаванне нацыянальнай свядомасцi мае праз гiстарычную памяць нацыянальная гiсторыя, меншы - нацыянальная мова i яшчэ меншы - нацыянальны характар.

3. Аб стасунках i ўзаемадачыненнях культур.

Культуры розных народаў непазбежна ўступаюць у кантакт i ўплываюць адна на адну. У натуральных умовах гэтыя стасункi з'яўляюцца карыснымi, бо садзейнiчаюць узаемаабагачэнню розных культур i больш гарманiчнаму развiццю кожнай з iх. Але як толькi пачынаецца экспансiя адной культуры супраць iншай, узаемаабагачэнне непазбежна змяняецца падменай i вынiшчэннем. Гвалтоўная культурная экспансiя ёсць злачынства, нават калi яна ажыццяўляецца выключна сродкамi масавай iнфармацыi. I тым больш яна не мае апраўдання, калi яе ажыццяўленне забяспечваецца эканамiчным закабаленнем або акупацыяй, штучным паз-баўленнем народа нацыянальнай свядомасцi праз забарону мовы i скажэнне гiсторыi.
Як сведчыць гiстарычны досвед, натуральныя ўмовы для развiцця нацыянальнай культуры могуць быць створаны толькi у незалежнай нацыянальнай дзяржаве, што клапацiцца пра адпаведныя ўмовы для падтрымання неабходнага ўзроўню нацыянальнай свядомасцi, найперш праз надзейную абарону нацыянальнай мовы i гiстарычнай памяцi народа, захаванне традыцый.
Кожная культура мае права бесперашкодна панаваць у межах этнiчнай тэрыторыi народа, што з'яўляецца яе творцам. Нiводная чужая культура нi з якой нагоды не мае права рабiць замах на гэтае натуральнае права.
Натуральным можна лiчыць становiшча, калi чалавек у межах этнiчнай тэрыторыi свайго народа мае магчымасць свободна i бесперашкодна iснаваць у сваёй нацыянальнай культуры i толькi пры ўласным жаданнi далучацца да здабытку любой iншай. Цалкам ненатуральным з'яўляецца становiшча, калi чалавек у межах этнiчнай тэрыторыi свайго народа вымушаны iснаваць у варунках панавання чужынскай культуры i не мець магчымасцi бесперашкодна карыстацца сваёй.

4. Аб культуры беларускай.

Беларуская нацыянальная культура ёсць сукупнасць матэрыяльных i духоўных каштоўнасцяў, што створаны беларускiм народам у мiнулым i сучасным на бытавым, мастацкiм, навуковым i духоўным узроўнi. Да таго ж беларуская нацыянальная культура - гэта адзiна магчымы для беларусаў натуральны спосаб iснавання, што забяспечвае яму ўмовы для реалiзацыi сваёй самасцi i непаўторнасцi ў акружэннi iншых народаў i ў адпаведнасцi з аб'ектыўнымi законамi развiцця чалавечых супольнасцяў. Беларуская нацыянальная культура-спосаб самазахавання беларускага народа. Заняпад нацыянальнай культуры непазбежна прыводзiць да фiзiчнага вынiшчэння i нават самавынiшчэння народа. Да з'яваў беларускай нацыянальнай культуры адносiцца ўсё тое, што беларусы робяць свядома, менавiта як беларусы. Таму ўмовай iснавання i развiцця беларускай культуры ёсць наяўнасць нацыянальна свядомага беларускага насельнiцтва. Кажучы iнакш, умовай iснавання i развiцця беларускай культуры ёсць наяўнасць у беларусаў нацыянальнай свядомасцi.
Сучасны стан беларускай культуры не з'ўляецца натуральным; што ёсць вынiк двухсотгадовай акупацыi беларускiх земляў з боку расiйскай iмперыi (Мал. 2.).

Мал.2. Сучасны ненатуральны стан беларускай культуры грунтуецца на феномене падвоенай свядомасцi.
Палiтыка, што праводзiлася падчас акупацыi, мела мэтай поўную i канчатковую асiмiляцыю беларусаў. Дзеля гэтага беларусам гвалтоўна укаранялася руская нацыянальная свядомасць праз укараненне рускай мовы i рускага погляду на гiсторыю. Адначасова беларусы былi пазбаўлены права ведаць уласную гiсторыю i карыстацца роднай беларускай мовай.
Нацыянальная самасвядомасць беларускага народа вымушана была сiлкавацца амаль выключна з крынiцы адметнага нацыянальнага характару беларусаў, не маючы падтрымкi ад iншых, што фатальна стрымлiвала развiццё беларускай культуры, вяло да фiзiчнага i духоўнага вынiшчэння беларусаў. Але ў тыя непрацяглыя перыяды, калi беларуская мова i гiсторыя атрымлiвалi магчымасць далучыцца да свайго народа, можна назiраць магутныя ўсплескi нацыянальнай свядомасцi, а ў вынiку - i беларускай культуры на ўсiх яе ўзроўнях.
Сёння ўжо можна падвесцi некаторыя вынiкi двухсотгадовага жудаснага эксперымента. Можна канстатаваць, што ў вынiку працяглай i мэтанакiраванай асiмiляцыйнай палiтыкi акупантаў пераважная колькасць беларусаў пазбавiлася нацыянальнай свядомасцi, пачала ўважаць сябе за рускiх. Больш таго, узнiкла i праз руплiвае пеставанне распаўсюдзiлася такая з'ява, як нацыянальны нiгiлiзм - варожае i грэблiвае стаўленне да беларускай культуры. Усё гэта паставiла пад пагрозу самое iснаванне беларускага народа, бо страцiўшы нацыянальную свядомасць, ён страцiў i магчымасць бачыць i ўсведамляць свае ўласныя нацыянальныя iнтарэсы i быў вымушаны коштам жыцця мiльёнаў i мiльёнаў беларусаў аплочваць чужынскiя экспансiянiсцкiя памкненнi. Так было падчас вайны 1812 года, так было падчас першай сусветнай вайны, рэвалюцыi i грамадзянскай вайны ў Расii, так было падчас другой сусветнай вайны i афганскай авантуры. Так можа быць i заўтра, калi незалежная беларуская дзяржава не здолее або не паспее стварыць спрыяльныя ўмовы для абуджэння нацыянальнай свядомасцi беларускага народа i не зберажэ самога носьбiта i творцу беларускай культуры - беларускi народ.
Пры адсутнасцi нацыянальнай свядомасцi развiццё культуры немагчыма. Магчыма толькi iмiтацыя знешнiх формаў рускай культуры, магчыма толькi правiнцыйнае (у горшым сэнсе) кампiляванне, якое не мае ў культурна-гiстарычным сэнсе нiякай самастойнай каштоўнасцi, акрамя адмоўнага прыкладу для iншых. У гэтым можа пераканацца кожны, хто паглядзiць праграму "Крок" (сапсаваны "Погляд"), праграму "Навiны" (сапсаваная праграма "Час"), праграму "НIКА" (сапсаваныя "Весцi")... Прыклады можна доўжыць бясконца, але лепш зрабiць вiдавочны вывад, што толькi праз нацыянальную свядомасць можа ўзнiкнуць той адметны погляд на свет, той адметны стыль, што будзе цiкаўны не толькi для беларусаў, але i для рускiх, палякаў, французаў...
Аналiзуючы сучасны стан беларускай культуры, нельга i перабольшваць дасягненнi акупантаў. Па-першае, яны не паспелi кардынальна змянiць генафонд беларусаў, хоць у асобныя перыяды i ўжываўся як татальны, так i выбарачны генацыд. Па-другое, застаўся амаль нязменны нацыянальны характар беларусаў. Нават забыўшыся на беларускую мову, не ведаючы гiсторыi свайго народа, беларус паводзiць сябе менавiта як беларус. Гэта малазаўважна ў зрусiфiкаваным беларускiм культурным асяроддзi, бо тут няма сапраўдных носьбiтаў рускай культуры, але калi беларус трапляе ў сапраўды рускае культурнае асяроддзе за межамi сваёй Бацькаўшчыны, то ён лёгка пераконваецца ў сваёй адметнасцi, бо перастае разумець матывы дзейнасцi людзей (магчыма гэтым тлумачыцца феномен М. Багдановiча?). Праўда, у вынiку падваення самасвядомасцi (Мал. 2.) некаторую трансфармацыю рысы нацыянальнага характару ўсё ж пацярпелi. Часцяком можна сутыкнуцца з тым, што прастата ператвараецца ў хамства, талерантнасць - у бесхрыбетнасць, гасцiннасць - у халуйства. Па-трэцяе, не дала патрэбнага плёну i моўная палiтыка, бо беларусы хоць i забылiся ў большасцi на родную мову, але i рускую не засвоiлi. У вынiку антыбеларускай моўнай палiтыкi сёння беларускi народ не размаўляе па-беларуску, не можа размаўляць па-руску i вымушаны размаўляць на трасянцы - мове неадукаваных людзей. I гэта ёсць сапраўдны iнтэлектуальны Чарнобыль, пра якi не можна маўчаць, бо цэлы народ пазбаўлены магчымасцi адэкватна ўспрымаць навакольны свет з-за штучнага разбурэння нацыянальнай логiкi мыслення, што фiксуецца ў будове i логiцы роднай мовы.
Найбольшага поспеху акупанты дасягнулi ў справе пазбаўлення беларусаў гiстарычнай памяцi i замене яе на гiстарычную памяць рускага народа. У гэтым накiрунку як раней, так i цяпер працуюць сiстэма адукацыi, сродкi масавай iнфармацыi i навука гiстарычнай фальсiфiкацыi. Гэта становiшча будзе захоўвацца да таго часу, пакуль у рэспублiцы будзе iснаваць жорсткая цэнзура на беларускi погляд на гiсторыю.
3 усяго можна канстатаваць, што становiшча беларускай культуры i самога беларускага народа на сваёй этнiчнай зямлi з'яўляецца ненатуральным i небяспечным, але небезнадзейным. Га-лоўная падстава для аптымiзму - гэта абвяшчэнне незалежнасцi i паступовае напаўненне яе рэальным зместам, галоўная небяспека - цi то свядомы, цi то па iнэрцыi, працяг старой антыбеларускай культурнай палiтыкi.

5. Аб развiццi беларускай культуры.

Беларуская i iншыя нацыянальныя культуры павiнны заняць належнае iм месца на беларускай зямлi. Беларуская нацыянальная культура, каб заняць сваё натуральнае месца, павiнна запанаваць на этнiчна беларускiх землях. Руская i iншыя нацыянальныя культуры павiнны панаваць на этнiчных землях сваiх народаў, на беларускай зямлi яны панаваць не могуць. У канкрэтных варунках, што склалiся на Беларусi, пашырэнне i развiццё беларускай культуры да некаторага моманту непазбежна будзе ажыццяўляцца за кошт згортвання ўплыву i нават выцiскання рускай культуры. Ставiцца да гэтага трэба з паразуменнем, як да аднаўлення гiстарычнай справядлiвасцi, як да простага ажыццяўлення беларускай культурай свайго натуральнага права.
3 пункту гледжання развiцця беларускай культуры, галоўная задача сёння - стварэнне ўмоў для адраджэння нацыянальнай самасвядомасцi беларусаў. Дзеля гэтага неабходна зрабiць захады для вяртання найперш гiстарычнай памяцi беларускага народа, беларускай мовы, традыцый i звычаяў, у якiх знайшлi адлюстраванне галоўныя рысы беларускага нацыянальнага характару. У гэтым сэнсе нельга недаацэньваць ролю сродкаў масавай iнфармацыi, бо лiтаральна кажучы народ такi, у якiм iнфармацыйным асяродку ён жыве. Таму нiякiм чынам нельга мiрыцца з тым, што беларус дагэтуль вымушаны iснаваць у варунках выключна расiйскай iнфармацыйна-культурнай прасторы, калi нi беларускi погляд, нi беларуская думка да яго фактычна не даходзяць.
3 мэтай ўсталявання добрага супольнага жыцця на Беларусi для людзей рознай нацыянальнасцi, пiльна патрэбна iх дабразычлiвае супрацрўнiцтва ў справе беларускага нацыянальнага адраджэння, у справе стварэння ўмоў для натуральнага суiснавання розных культур. У гэтым сэнсе выключную ролю мае супрацоўнiцтва на падставе ўзаемапавагi беларускай i рускай iнтэлiгенцыi, прыклады чаго сёння ўжо ёсць. А для гэтага ў нас ёсць ўсе падставы, бо ад таго, што мы ўсе разам не дазволiм зацiкаўленым iмперскiм колам разыграць на нашай зямлi рускую карту, выйграем iзноў мы ўсе - i беларусы, i рускiя, i iншыя. Але якая б вялiкая роля не належыла грамадскiм арганiзацыям, партыям i асобным грамадзянам, усё ж дзяржава не павiнна забывацца на свае абавязкi.
Беларуская дзяржава (усе яе структуры), выконваючы сваё прамое прызначэнне i абавязак, павiнна забяспечыць прыярытэтнае развiццё беларускай культуры. Палiтыка адраджэння бела-рускай культуры павiнна ажыццяўляцца дзяржаўнымi ўстановамi i за дзяржаўны кошт. Дзяржаўная нацыянальная палiтыка павiнна ажыццяўляцца праз:
- дзяржаўныя ўстановы ўлады i кiравання;
- сiстэму народнай адукацыi;
- сродкi масавай iнфармацыi;
- установы культуры.
Паколькi беларуская дзяржава сёння не можа i не хоча займацца адраджэннем нацыянальнай беларускай культуры i, больш таго, сёння менавiта ад Урада i Вярхоўнага Савета сыходзiць галоўная небяспека незалежнасцi i фiзiчнаму iснаванню нашага народа, то спадзявацца на выкананне ёй сваiх прамых функцыяў
у поўнай меры няма падстаў. Гзта накладае на ўсе палiтычныя партыi, рухi, аб'яднаннi, якiя знаходзяцца ў межах палiтычнага спектру рэспублiкi (сюды не ўваходзяць тыя, што не прызнаюць права беларусаў на незалежнае iснаванне, бо з'яўляюцца, па сутнасцi, партыямi замежнымi), а таксама на ўсiх нацыянальна свядомых грамадзян абавязак узяць на сябе клопат культурнага адраджэння. Цяпер мы павiнны ўсе разам парупiцца пра культурнае адраджэнне беларусаў, у тым лiку i праз прымус дзяржавы да выканання сваiх абавязкаў. Суверэнiтэт, незалежнасць, без якiх не можа натуральна iснаваць народ, усталёўваюцца найперш не праз межы i танкi, а праз свядомасць людзей. Такi суверэнiтэт нiкому не парушыць.

Снежань 1992г.
Уладзімір СТАРЧАНКА

 

Hosted by uCoz