Маразм iнтэграцыi

Шматгадовыя iнтэграцыйныя патугi А.Лукашэнкi з кожным разам набываюць усё больш небяспечны для насельнiцтва Беларусi характар. Небяспечны, бо гаворка ўжо iдзе нават не пра саюз двух суверэнных дзяржаў, а пра дзяржаўную дамову, пры якой наша краiна павiнна страцiць рэшткi незалежнасцi. А як вядома, незалежнасць - гэта здольнасць краiны адстойваць эканамiчныя, палiтычныя, культурныя iнтарэсы сваiх грамадзян. Сёння Лукашэнка як нiколi блiзкi да канчатковай здачы нацыянальных iнтарэсаў беларусаў.
Само сабой паўстае пытанне: а каму, акрамя Аляксандра Лукашэнкi, якi ўсё яшчэ спадзяецца праз гандаль радзiмай дамагчыся месца ў маскоўскiм крамлi, гэткая iнтэграцыя патрэбна?
Тое, што палiтычнае зблiжэнне з Расiяй не дае Беларусi анiякiх эканамiчных выгод, за апошнiя восем гадоў змаглi пераканацца ўсе, акрамя «аналiтыкаў» беларускага тэлебачання, якiя нiяк не стомяцца гэтыя выгоды распiсваць даверлiвым пенсiянерам. Мiж тым вядома, што нават унутры Расii ўжо даўно нiхто не займаецца дабрачыннымi пастаўкамi сыравiны, камплекту-ючых, гатовай прадукцыi. Усе там даўно гандлююць, гэта значыць прадаюць сыравiну, камплектуючыя ды прадукцыю за грошы. Таму нiякiх «паставак» беларускiм прадпры-емствам няма цяпер, не будзе i пры самай шчыльнай ступенi iнтэграцыi. А вось пастаўка без аплаты прадукцыi беларускiх прадпрыемстваў у Расiйскую федэрацыю пры цяперашнiх каланiяльных уладах - справа даволi распаўсюджаная. Вынiк такой эканамiчнай iнтэграцыi агучаны самiм Лукашэнкам: Расiя нам павiнна значна больш, чым Беларусь ёй. i гэта факт, бо адна толькi плата за транзiт расiйскай нафты i газа праз тэрыторыю нашай краiны магла б падвоiць бюджэт рэспублiкi. У добрую капейку абыходзiцца нам i ўтрыманне расiйскiх вайсковых баз.
Дарэчы, аб праблемах вайсковых. Упэўнены, што сярод маладых беларусаў няшмат знойдзецца жадаючых паваяваць у гарачых кропках Расii, а сярод iх бацькоў не больш знойдзецца жадаючых пахаваць 18-гадовага сына ў якасцi героя-ахвяры чужой вайны. Тым не менш iнтэграцыя адкрывае для нас менавiта такую перспектыву. У казкi пра тое, што галоўнакамандуючы саюзнага войска будзе пасылаць на смерць толькi рускiх, а беларусаў будзе шкадаваць, могуць верыць толькi малыя дзецi.
Не менш вясёлай з’яўляецца для нас i перспектыва паўдзельнiчаць у чарговай грамадзянскай вайне, што неўзабаве можа распачацца ў галоднай i азлобленай Расii, якая даўно стаiць на мяжы сацыяльна-палiтычнага выбуху. Цалкам мажлiва, што як раз момант заканчэння прэзiдэнцкiх паўнамоцтваў Ельцына i стане тым штуршком, якi скалане Расiю, калi ў барацьбе за трон, фiнансы, волю, хлеб i проста жыццё сутыкнуцца ў бязлiтаснай вайне камунiсты, алiгархi, рускiя фашысты, крымiнальнiкi, нацыянальна-вызвольныя рухi iмперскiх акраiн, проста бандфармiраваннi. Думаю, што мала ў нашай шматпакутнай краiне знойдзецца вар’ятаў, жадаючых паспытаць на ўласнай скуры ўсе жудасцi чужой грамадзянскай вайны. Тым больш, што вопыт такi ў гэтым стагоддзi беларусы ўжо мелi ў 1918-21 гадах. А вымушаны ўдзел у расiйска-нямецкiх разборках адносна правоў на сусветнае панаванне падчас другой сусветнай вайны каштаваў жыцця кожнаму трэцяму беларусу. Таму нельга даваць веры тым, хто кажа, што найлепшае месца для Беларусi ў трэцiм класе расiйскага «Тытанiка». Упэўнены, што iнтэграцыя, якая нясе смерць, непатрэбна нiводнаму жыхару нашай краiны, якой бы нацыянальнасцi ён нi быў.
У рэчышчы сказанага вельмi добра, што прэзiдэнцкi тэрмiн Лукашэнкi скончыўся 21 лiпеня 1999 года i ён ўжо не мае паўнамоцтваў ад iмя Беларусi падпiсваць мiждзяржаўныя дамовы. Але ж гэта не азначае, што ён iх падпiсваць не будзе. Развалiўшаму прамысловасць, паклаўшаму сельскую гаспадарку i зняважыўшаму нацыянальныя святынi Беларусi i правы чалавека, экс-прэзiдэнту трэба ратавацца, а ўратавацца ён можа толькi ў Расii, якая адзiная ў свеце лiчыць яго легiтымным прэзiдэнтам. Але ўжо бачна, што сваёй аднабаковай знешняй палiтыкай ён сам загнаў сябе ў кут, i здаваць радзiму Лукашэнку прыдзецца не ў абмен на маскоўскi трон, а на нешта менш значнае, кшталту пасады губернатара.
Але гэта яго праблемы. Нашы праблемы ў iншым. Нас цiкавiць, як захаваць незалежную i суверэнную Рэспублiку Беларусь, як адстаяць эканамiчныя, палiтычныя i культурныя iнтарэсы яе насельнiцтва, i самае галоўнае - як абаранiць жыццё i волю нашых людзей, як засланiць iх ад пагрозы смяротнай навалы, якая з жудаснай перыядычнасцю спусташае наш край?
А вырашыць iх можна толькi захаваўшы i ўмацаваўшы незалежнасць i суверэнiтэт Бацькаўшчыны, толькi пазбавiўшыся ганебнай каланiяльнай залежнасцi ад усходняга суседа. Гэта неабходна для таго, каб мець гарантыi (у тым лiку мiжнародныя) тэрытарыяльнай недатыкальнасцi на выпадак мажлiвых эксцэсаў у Расii, каб гарантаваць няўдзел нашага насельнiцтва ў яе крывавых разборках. Гэта неабходна, каб будаваць свае эканамiчныя зносiны з суседзямi выключна на прынцыпах узаемнай выгады, узяўшы за ўзор прыклад Польшчы, Чэхii, Прыбалтыкi, каб распачаць эканамiчныя рэформы. Гэта неабходна, нарэшце, каб сцвердзiць нацыянальную годнасць беларусаў, здзейснiць iх адвечную мару - людзьмi звацца! Каб вярнуць беларусам тыя атрыбуты, якiя адрознiваюць чалавека ад жывёлы - родную мову i гiстарычную памяць!

Уладзiмiр СТАРЧАНКА

 

Hosted by uCoz