Міленіум, адным словам...

Вось і надыйшло новае тысячагоддзе. Міленіум, адным словам. І міжволі задумваешся над тым, што гэты самы міленіум нам, грэшным, нясе, акрамя кланіравання, канечне. Ну, і яшчэ глабалізацыі, якая цвёрда абяцае ў новым стагоддзі распусціць свае атрутныя кветкі ва ўсіх куточках планеты, не зважаючы на грэнландскія маразы і афрыканскую засуху, а таксама хранічны расійска-беларускі няўрод. Аж дрыжыкі па целе… А колькі там яшчэ адкрыццяў дзіўных рыхтуе нам асветы дух?!!!
Хаця і аднаго кланіравання можа аказацца дастаткова, каб чалавецтва пракляла той дзень, калі нарадзіўся першы ў свеце генетык. Чытаю ў адной газеце, што ў ЗША некая секта ўжо знайшла грошы на кланіраванне чалавека. У іншай газеце чытаю, што адзін расійскі камуніст, свежаспечаны лаўрэат міжнароднай прэміі, гэтую самую прэмію аддае на кланіраванне Леніна з клеткі яго цела, узятай з маўзалейнай муміі. І ўжо нібыта знойдзена сумленная партыйка, якой будзе даверана выношванне клона правадыра сусветнай рэвалюцыі. Клонамацер, адным словам. Я б на месцы расіян праверыў, ці надзейна забетаніравана на Чырвонай плошчы Масквы магіла Іосіфа Сталіна, бо дастаткова адной клеткі … і орды клонаў Сталіных і Берыяў пачнуць бегаць па еўраазійскіх прасторах, знішчаючы апошнія пасевы азімых і яравых культур. А можа стацца, што і ў Івана Жахлівага не ўсе клеткі за стагоддзі ператварыліся ў пыл гісторыі, можа ў якой спаса-неўскай лаўры адна-дзве захаваліся нятленныя?… Зноў дрыжыкі па целе.
Але ж гэта кветачкі, ягадкі наперадзе… Інфармацыйныя тэхналогіі абяцаюць у новым часе значна пераплюнуць дасягненні біёлагаў. Навошта траціць дзесяцігоддзі на вырошчванне біялагічных клонаў, калі з дапамогай навейшых СМІ і тэхналогій за кароткі час можна будзе замбіраваць мільёны людзей, ператварыўшы іх у тых самых аднолькавых (не знешне, але ўнутрана) псіхалагічных клонаў, гатовых выканаць любы загад правадыра, а не толькі кінуць выбарчы бюлетэнь у скрыню? А ў спіну інфармацыйным тэхналогіям ужо дыхаюць тэхналогіі педагагічныя. Пра гэта ўжо зусім лепш не думаць, а то дадумаешся да ідэі забароны педагагічнай навукі разам з біялагічнымі, хімічнымі, фізічнымі ды іншымі натуральнымі, дакладнымі і гуманітарнымі навукамі.
А між іншым, ідэя гэтая не новая. Хто Біблію чытаў, той ведае, што сам Бог забараніў чалавеку дакранацца да Дрэва Пазнання. Пазнання Дабра і Зла. Але ж змій спакусіў. Хоць бы не той самы змій, што будзе панаваць у новым 2001 годзе (па ўсходняму календару). І выгнаў Бог людзей з Раю на грэшную зямлю пакутаваць ад уласнай дапытлівасці. Так што калі хочам зноў апынуцца ў Раі, трэба ўсялякую навуку забараніць як шкодніцкую антычалавечую і антыбогаву справу.
Але як забароніш? Ніяк не забароніш. Застаецца навучыцца з той навукай жыць побач на прынцыпах мірнага суіснавання. Хаця, якое там мірнае суіснаванне. Якія спадзяванні на дасягненні фізікаў былі. А як жа? Новыя крыніцы энергіі, цяпло і святло для людзей, тэлевізар і халадзільнік у кожную хату. Пакуль Хірасіма з Нагасакі ды Чарнобыль не раставілі ўсё па сваіх месцах: не толькі цяпло але і «мірны» атам з лейкеміяй — ў кожную хату, і можаш да скону рабіць з паперы белых жураўлікаў. Вось такі давесак для балансу. Балансу Дабра і Зла.
Тут галоўнае, каб дэбіт Дабра з крэдытам Зла сыходзіўся на канец квартала, года, стагоддзя або міленіума, бо калі вялікі перакос утвараецца, дык цывілізацыя абяцае заўчасна скалапсіраваць, не дацягнуўшы да чарговага юбілея. А ўсё ж такі чыста па-чалавечы хочацца, каб у новым тысячагоддзі Дабра было крыху болей, і каб самыя жудасныя прагнозы не збыліся.
Не, для балансу хай там зрэдку веернае адключэнне халадзільнікаў у Антаркцідзе будзе, няхай зрэдку бананы на Паўночны полюс не завязуць. А вось з кланіраваннем, глабалізацыяй і татальным замбіраваннем людзей хай будуць сур’ёзныя праблемы, няхай гэта ў новым міленіуме ажыццявіць не ўдасца, як і ў наступным. Тады ў нашых нашчадкаў будзе шанц застацца богападобнымі, але грэшнымі людзьмі, а не ператварыцца ў д’яблавых клонаў с замбіраванымі мазгамі.

Hosted by uCoz