НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ, НАЦЫЯНАЛЬНАЯ КУЛЬТУРА І НАЦЫЯНАЛЬНЫ РУХ У КАНТЭКСЦЕ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ

 

Уладзімір СТАРЧАНКА

 

Нацыянальная ідэя – нематэрыяльнае ўтварэнне, якое тым не менш мае каласальную патэнцыяльную энэргію, здольную ператварыць ахоплены ёй соцыум у непераможную стваральную сілу.

Беларуская нацыянальная ідэя ў сваім квінтэсенцыяльным выглядзе можа быць прадстаўлена формулай: “Я ёсць беларус”, дзе “Я” – абсалютная ідэя, “Ёсць” – ідэя існавання абсалюту, “Беларус” – ідэя існавання нацыянальнага носьбіту абсалютнай ідэі. Кажучы інакш нацыянальная ідэя сцвярджае, што “Бог ёсць і ён жыве ў беларусе!”

Што гэта азначае? Найперш тое, што беларус – гэта чалавек, а не жывёла, бо ён носіць Бога ў сваёй бесмяротнай душы, і не мае права на гэта забывацца нягледзячы на ўсе прыніжэнні 200-гадовага рабства. Гэта азначае, што для беларуса нацыянальная самаідэнтыфікацыя наўпрост звязана з самаідэнтыфікацыяй відавой. Нездарма  беларускі класік яшчэ напачатку 20 стагоддзя заклікаў сучаснікаў і нашчадкаў - “Людзьмі звацца!”. Быць беларусам – значыць быць чалавекам, значыць заваяваць, сцвердзіць і адстаяць свой высокі чалавечы статус сярод людзей. Вось чаму формула - “Беларус - таксама чалавек!” – гэта яшчэ адна актуальная для нас эманацыя нацыянальнай ідэі, якая, між іншым, падкрэслівае той факт, што беларусу ўласцівы і патрэбны ўсе натуральныя правы чалавека.

У сацыялізаванай форме нацыянальная ідэя натуральна набывае выгляд  - “Мы ёсць беларусы”. Гэта формула азначае прыналежнасць кожнага беларуса да вялікай гістарычнай супольнасці людзей. Супольнасці, якая існавала раней, жыве цяпер і будзе існаваць у будучыні. Па-сутнасці гэта формула неўміручасці нацыянальнай ідэі, бо Бог жыве не толькі ў кожным беларусе, але і ў ва ўсёй беларускай нацыі, жыццё якой не заканчваецца разам з жыццём кожнага канкрэтнага чалавека. Дарэчы, існаванне беларускай нацыі, як калектыўнага носьбіта нацыянальнай ідэі, надае беларусам неад’емнае права на самастойнае нацыянальнае дзяржаўна-гістарычнае існаванне. Менавіта з гэтага права бярэцца знаёмая нам формула нацыянальнай ідэі ў выглядзе закліка - “Жыве Беларусь!”. Сапраўды беларуская нацыя, як калектыўны носьбіт нацыянальнай ідэі, мае права на існаванне Беларусі – свайго дзяржаўнага дому, дзе жыве і развіваецца беларуская нацыя, беларуская культура і беларуская нацыянальная ідэя.

Трэба абавязкова дадаць, што нацыянальная ідэя, захоўваючы сваю сутнасць,  несупынна развіваецца, ускладняецца, адкрываецца ўсё новымі бакамі, пранікае ва ўсе сферы нацыянальнага жыцця і віды чалавечай дзейнасці. Прыкладам, формулы - “Беларусь – наш дом!”, “Беларусь – для беларусаў!”, “Беларуская мова – душа народу!”, “Беларус – гэта той хто думае, жыве і дзейнічае па-беларуску!”, або заклікі-патрабаванні - “Беларусам - нацыянальную ўладу!”, “Не – расейскай акупацыі!”, “Беларусам - нацыянальную сістэму адукацыі!”, “Даеш беларускі бізнес!”, “Слухай сваё – беларускае!” ... – гэта ўсё актуальныя на цяперашні час эманацыі-праяўленні нацыянальнай ідэі.

Безумоўна, нацыянальная ідэя існуе не толькі ў слоўна-тэкставай форме, яна візуалізуецца ў нацыянальных сімвалах, гучыць у нацыянальных гімнах і спевах, адбіваецца ў традыцыях і паводзінах людзей, матэрыялізуецца ў прадуктах нацыянальнай вытворчасці...

І яшчэ адзін немалаважны аспект. Вядома, што ідэя, якая авалодвае масамі рызыкуе ператварыцца ў сваю процілегласць. Гэтак і нацыянальная ідэя ўжо не аднойчы ў гісторыі розных нацый мела няшчасце ператварацца ў абсалютна ёй варожую імперскую ідэю. Лепш сказаць, што нацыянальную ідэю падмянялі імперскай. Механізм падмены даволі просты. Замест нацыянальнай ідэі “Бог ёсць і ён жыве ў нас” нацыі на пэўным этапе развіцця падсоўвалася ідэя “Мы ёсць Бог”, што па-сутнасці азначае, што Бога няма, а ёсць толькі мы і нам “бесам” можна ўсё. Нам “бесам” можна і мы павінны знішчаць іншыя нацыі, іншыя культуры іншыя нацыянальныя ідэі, бо ў іх жыве Бог, наш натуральны вораг! Аднак з той жа прычыны мы павінны знішчыць і сваю ўласную нацыю. Вось чаму імперская ідэя (ў адрозненне ад нацыянальнай) - гэта найперш ідэя самазнішчэння нацыі.

Беларусы добра ведаюць што такое імперская ідэя ў яе расейскім варыянце (якая, дарэчы, даўно пакончыла з рускімі як нацыяй) і здольныя яе распазнаць у якія б ідэялагічныя абалонкі (царызм, камунізм, фашызм, гэбізм) яе не загортвалі. Гэта дазваляе спадзявацца на тое, што мы здолеем пазбегнуць як імперыялістычнай экспансіі звонку, гэтак і спакусы ўласнага імперыялізму.

***

Нацыянальная ідэя не можа існаваць і развівацца інакш як праз пасярэдніцтва, ахопленага гэтай ідэяй соцыума - нацыі. Кажучы інакш, нацыянальная ідэя матэрыялізуецца з дапамогай людзей, якія гэтую ідэю спавядаюць, у той ці іншай ступені ўсведамляюць і чыя дзейнасць (у тым ліку і звычайная жыццядзейнасць) гэтай ідэяй асвечана. Гэта азначае, што нацыянальная ідэя і нацыя без наяўнасці нацыянальна свядомых людзей не існуюць актуальна.

Ідэальна-матэрыяльным субстратам матэрыялізацыі нацыянальнай ідэі з’яўляецца нацыянальная культура. Прычым і матэрыяльная і духоўная кампанены нацыянальнай культуры выступаюць адначасова як спосаб і як прадукт нацыянальнага жыцця. Слуцкія паясы, радзіміцкія завушніцы, тэлевізар “Гарызонт” і аўтамабіль МАЗ – гэта пераважна матэрыяльныя субстраты ў якіх жыве нацыянальная ідэя ў той самай ступені ў якой людзі, што іх выраблялі, адчувалі сябе беларусамі і паводзілі сябе як беларусы. Гэтак жа і беларуская навука, філасофія і мастацтва – гэта пераважна ідэальныя субстраты ў якіх жыве нацыянальная ідэя ў той ступені ў якой  людзі, што іх стваралі ўсведамлялі сябе беларусамі, думалі і дзейнічалі як беларусы. У іншым выпадку азначэнне “беларускі” мае тут не больш чым геаграфічны сэнс.

У дачыненні да нацыянальнай ідэі нацыянальная культура выконвае некалькі вельмі важных функцый.

Найперш беларуская нацыянальная культура – гэта матчына калыска ў якой дзіцёнак ад нараджэння жыве, да якой ён далучаецца і праз якую ён робіцца чалавекам-беларусам, носьбітам нацыянальнай ідэі.

Па-другое, нацыянальная культура, як адэкватны спосаб нацыянальнага жыцця, забяспечвае выжыванне беларуса і беларускай нацыі ў зменлівым свеце, а гэта азначае і выжыванне нацыянальнай ідэі, носьбітам якой нацыя і з’яўляецца.

Па-трэцяе, нацыянальная культура, як матэрыялізацыя нацыянальнай ідэі – гэта той грунт, абапіраючыся на які нацыянальная ідэя развіваецца якасна, ускладняецца, пашыраецца, дае новыя і новыя парасткі, прыгажэе і квітнее.

Да таго ж нацыянальная культура, як спосаб і прадукт дзейнасці нацыянальна свядомых людзей, з’яўляецца лабільным і перманентна адэкватным ўмовам дзейнасці ўтварэннем, якое як індыкатар сведчыць пра ступень развітасці нацыянальнай ідэі і нацыі, іх жыццяздольнасці.

Падсумоўваючы сказанае яшчэ раз адзначым, што нацыянальная культура – гэта ёсць матэрыялізаваная нацыянальная ідэя. 

***

Контурна акрэсліўшы, што такое нацыянальная ідэя і нацыянальная культура, звернемся да такіх важнах для нашага даследвання паняццяў як нацыянальны рух і нацыянальная дзейнасць.

Нацыянальны рух беларусаў - гэта форма соцыякультурнай актыўнасці ахопленых нацыянальнай ідэяй людзей. Нацыянальны рух узнікае разам з нацыянальнай ідэяй і толькі дзякуючы яму яна пачынае актуальна існаваць і матэрыялізоўвацца ў разнастайных культурных формах. Нацыянальны рух непасрэдна ажыццяўляе нацыянальную дзейнасць. Кажучы інакш, нацыянальны рух гэта пасярэднік, з дапамогай якога адбываецца матэрыялізацыя нацыянальнай ідэі, або ажыццяўляецца нацыянальная дзейнасць. Гэта вызначае ролю, функцыю і важнасць нацыянальнага руху для існавання нацыянальнай ідэі, культуры і дзейнасці. Нацыянальная ідэя фармуе нацыянальны рух, які ў сваю чаргу матэрыялізуе яе ў культуры, на падставе якой трансфармуе і развівае ідэю, што па прынцыпу адваротнай сувязі вядзе да трансфармацыі і развіцця самога руху. Гэта па-сутнасці структурна-функцыянальная схема (Мал.1.) пашыранага ўзнаўлення нацыянальнай ідэі, культуры і руху, схема нацыянальнай дзейнасці...

 

Нацыянальны рух складаецца з нацыянальна свядомых людзей, якія непазбежна ў працэсе дзейнасці ўступаюць у адносіны ў выніку чаго рух структуруецца. Шэраговыя ўдзельнікі, актывісты і лідэры рознага ўзроўню па-неабходнасці ствараюць арганізаванасці кшталту групп, гурткоў па інтарэсах, таварыстваў, грамадзкіх аб’яднанняў, партый. Прычым у працэсе развіцця руху яго структура трансфармуецца і ўскладняецца, у сувязі з чым актуальна паўстае пытанне захавання яго цэласнасці і кіруемасці. Акрамя таго, ў працэсе развіцця нацыянальнага руху, ў сувязі з развіццём нацыянальнай ідэі і культуры, адбываецца дыферэнцыяцыя відаў дзейнасці яго ўдзельнікаў, узнікаюць усё новыя сацыяльныя ролі-пазіцыі ўдзельнікаў руху. Умоўна віды дзейнасці нацыянальнага руху традыцыйна падзяляюцца на некалькі шырокіх плыняў: бытавая жыццядзейнасць, вытворча-гандлёва-камерцыйная дзейнасць, адукацыйна-асветніцкая дзейнасць, навуковая дзейнасць, мастацкая дзейнасць, інфармацыйная дзейнасць, грамадзка-палітычная дзейнасць, рэлігійная дзейнасць. Кожная з гэтых плыняў у сваю чаргу таксама глыбока дыферэнцуецца, прычым працэс дыферэнцыяцыі адбываецца паралельна з развіццём нацыянальнай ідэі.

Такім чынам, нацыянальны рух займаецца ажыццяўленнем нацыянальнай дзейнасці. Апошняя ж з’яўляецца працэсам матэрыялізацыі ў разнастайных культурных формах нацыянальнай ідэі. Адсюль зразумела, што, для таго, каб выконваць сваю функцыю, нацыянальны рух павінен быць шырокім і якасным. Ён павінен быць масавым, разгалінаваным, структураваным і арганізаваным. Яго дзейнасць павінна быць скіравана на распрацоўку (развіццё) нацыянальнай ідэі, матэрыялізацыю нацыянальнай ідэі ў культуры і трансляцыю яе на соцыум, што ў сваю чаргу вядзе да колькаснага пашырэння і якаснага паляпшэння самога руху. Гэта трыадзіная задача нацыянальнага руху і яе вырашэнне забяспечвае паспяховасць нацыянальнай дзейнасці.

Далёка не заўсёды нацыянальная дзейнасць ажыццяўляецца ў спрыяльных умовах і бесперашкодна. Даволі часта могуць узнікаць разрывы дзейнасці, якія трактуюцца як праблемы. Праблема – гэта немагчымасць ажыццяўляць нацыянальную дзейнасць наяўнымі ў культуры сродкамі. Праблема патрабуе выхаду дзеяча ў рэфлексіўную пазіцыю, асэнсавання сітуацыі і распрацоўцы на падставе сістэмна-дзейнаснага аналізу новых культурных спосабаў дзейнасці. Калі гэтага ў сілу аб’ектыўных або суб’ектыўных прычын не адбываецца, то праблема транслюецца і можа дзесяцігоддзямі і нават стагоддзямі не здымацца і нават не ўсведамляцца, асуджаючы нацыю на перманентную псеўдадзейнасць або нават бяздзейнасць. Псеўдадзейнасць спустошвае нацыянальную ідэю, вядзе да перараджэння нацыянальны рух, што натуральна суправаджаецца заняпадам нацыянальнай культуры.

Беларускі нацыянальны рух стагоддзямі вымушаны дзейнічаць у вельмі неспрыяльных умовах, звязаных з перманентнай расейскай імперскай культурнай агрэсіяй, якая забяспечваецца ўтрыманнем імперыяй палітычнай ўлады ў Беларусі. Гэта тлумачыць заканамернасць паводле якой кароткія перыяды нацыянальнага ўздыму ў нашай гісторыі (калі імперыя перажывае крызіс) суправаджаюцца працяглымі перыядамі нацыянальнага ўпадку (калі імперыі ўдаецца аднавіць сваю ўладу). Нават цяпер, пасля фармальнага абвяшчэння незалежнасці нашай краіны, нацыянальны рух вымушаны дзейнічаць ва ўмовах, калі рэальная палітычная ўлада ў Беларусі па-ранейшаму належыць расейскай каланіяльнай адміністрацыі. Апошняя прыкладае ўсе намаганні для таго, каб падмяніць беларускую нацыянальную ідэю ідэяй каланіяльнага існавання, знішчыць беларускую культуру і разбурыць нацыянальны рух. Фактычна яна стагоддзямі забяспечвае немагчымасць нацыянальнай дзейнасці – кажучы інакш стварае і транслюе нашу нацыянальную праблему. Праблема ж заключаецца ў тым, што беларусам забаронены ўсе віды развітай чалавечай дзейнасці, а ў асобныя гістарычныя перыяды і жыццядзейнасці! Генацыд, які неаднойчы зведалі беларусы, – гэта і ёсць забарона на жыццядзейнасць. Людзям стагоддзямі рэальна забаронена гаспадарчая дзейнасць, адукацыйна-асветніцкая дзейнасць, палітычная дзейнасць, абмежавана права на мастацкую і навуковую дзейнасць... Нездарма беларускі класік сто гадоў таму выкарыстаў у творы пра лёс беларуса рэфрэн - “Асадзі назад!”. “Асадзі назад!” – вось крэда дзейнасці каланіяльнай адміністрацыі на Беларусі ва ўсе часы.

Асэнсаванне праблемы – толькі першы крок да яе вырашэння. Нацыянальны рух мусіць сканцэнтраваць свае інтэлектуальныя рэсурсы на яе грунтоўным сістэмна-дзейнасным аналізе і выпрацаваць на яго падставе новыя, адэкватныя сродкі і формы дзейнасці з тым, каб зняць праблему і не дапусціць яе трансляцыі ў будучыню. Гарантыяй жа канчатковага вырашэння нашай нацыянальнай праблемы павіна стаць беларуская ўлада, якая возьме курс на пабудову суверэннай і незалежнай Беларусі, дзе будуць створаны ўсе ўмовы для ажыццяўлення нацыянальнай дзейнасці.

Дарэчы, працяглае існаванне невырашанай палітычнай задачы, звязанай з неабходнасю адхілення ад улады каланіяльнай адміністрацыі і замены яне нацыянальным урадам, непазбежна надае беларускаму нацыянальнаму руху выразныя рысы нацыянальна-вызвольнага руху.

***

Разгледжаная вышэй структурна-функцыянальная мадэль нацыянальнай дзейнасці з’яўляецца інтэлектуальным сродкам з дапамогай якога можа быць праведзены сістэмна-дзейнасны аналіз беларускай нацыянальнай праблемы і распрацаваны адэкватныя спосабы і формы яе вырашэння. У гэтым яе сэнс і значэнне.

 

 

Hosted by uCoz