Напарсткi гатовы, справа за дурнямi

Здаецца, ужо ўсе даўно ведаюць, што гуляць з напарстачнiкамi на грошы - занятак абсалютна безнадзейны. Але штодня каля вакзала i на рынку знаходзяцца ўсё новыя прыезджыя вясковыя дурнi, якiя гуляюць i прайграюць апошнiя зберажэннi. Вось i ўзнiкае пытанне: колькi разоў трэба нашага чалавека "кiнуць", каб ён зразумеў, што яго падманваюць i перастаў наступаць на адны i тыя ж граблi?
Адказ на гэтае пытанне мы атрымаем вясной 1999 года, пад час правядзення нашай каланiяльнай адмiнiстрацыяй чарговага палiтычнага шоў пад назвай "выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў".
Перажыўшы доўгую чараду лукашэнкаўскiх выбараў i рэферэндумаў ужо, здавалася б, можна было разабрацца ў механiзме iх правядзення, у механiзме фальсiфiкацыi вынiкаў i зрабiць вiдавочную выснову, што гуляць у напарсткi з вертыкаллю - справа безнадзейная.
i тым не менш бачу, як пры першых чутках аб маючых адбыцца выбарах загараюцца вочы ў патэнцыяльных кандыдатаў ад розных палiтычных партый i грамадскiх арганiзацый, у тым лiку i дэмакратычнай накiраванасцi.
А мiж тым, рыхтуючыся да новых выбараў, каланiяльная адмiнiстрацыя паклапацiлася пра тое, каб выключыць нават гiпатэтычную магчымасць "збояў" у сваёй выбарчай сiстэме. Яна ў асобе нелегiтымнага, створанага прэзiдэнтам нацыянальнага сходу прыняла закон "Аб выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў РБ".
Вось толькi некаторыя палажэннi гэтага закона, якiя ствараюць iдэальныя ўмовы для фальсiфiкацый, або абмяжоўваюць дэмакратычныя правы грамадзян.
Паводле артыкула 24 участковыя выбарчыя камiсii будуць стварацца ўжо нават не мясцовымi саветамi, а прэзiдэнцкай вертыкаллю (выканкамамi). Рэальна гэта азначае, што ў склад гэтых камiсiй патрапяць выключна залежныя ад вертыкалi i згодныя выконваць любыя яе распараджэннi людзi. Сябраў БНФ, АГП, Свабодных прафсаюзаў i людзей, якiя б маглi ўзняць голас супраць парушэнняў законнасцi i фальсiфiкацый вынiкаў выбараў i раней да ўдзелу ў камiсiях не дапускалi. Цяпер жа гэта проста выключаецца.
Паводле артыкула 56 яшчэ больш бяспраўнымi робяцца грамадскiя назiральнiкi. Яны, а таксама давераныя асобы кандыдатаў не дапускаюцца да нагляду за падлiкам галасоў. Хто ж тады можа гарантаваць дакладны i справядлiвы падлiк галасоў?
Зноў вертыкаль паклапацiлася, каб гарантаваць тайну фальсiфiкацый.
Артыкул 54 дазваляе датэрмiновае галасаванне для тых выбаршчыкаў, якiя не могуць па нейкiх прычынах быць дома ў дзень галасавання. (На апошнiм рэферэндуме такiх было аж 20%).
Гэткiя "клопаты" аб людзях на справе даюць магчымасць вертыкалi не толькi трымаць пад кантролем ход галасавання, але i не спяшаючыся замяняць "няправiльныя" бюлетэнi на "правiльныя".
Артыкул 55 дазваляе галасаванне з дапамогай так званых "выязных" скрынь грамадзянам, якiя па стану здароўя, або па iншых важных прычынах не могуць прыйсцi на выбарчы ўчастак..
Зноў жа клопат аб хворых абарочваецца выдатнымi ўмовамi для фальсiфiкацый. На апошнiм рэферэндуме нярэдкiмi былi выпадкi, калi сябры ўчастковай камiсii без грамадскага назiральнiка выязджалi на дом да 5-7 выбаршчыкаў, а назад прывозiлi скрынi, набiтыя сотнямi "правiльных" бюлетэняў.
Артыкул 37 у парушэнне Канстытуцыi дае права ўдзельнiчаць у выбарах мясцовых дэпутатаў грамадзянам Расiйскай Федэрацыi, якiя пастаянна пражываюць на тэрыторыi РБ. Застаецца спытаць, чаму забаронена галасаваць грамадзянам Польшчы, Лiтвы, Украiны?
Можна было б працягваць пералiк артыкулаў закона, якiя тым цi iншым чынам не адпавядаюць уяўленням аб справядлiвых i дэмакратычных выбарах. Але лепш трэба засведчыць, што нягледзячы на поўную бяспраўнасць мясцовых саветаў i iх мiзэрную ролю ў палiтычным жыццi, вертыкаль сур'ёзна ставiцца да выбараў i мае намер сфармiраваць цалкам свае "вертыкальныя" саветы. Вiдаць, яны ў будучым павiнны адыграць нейкую ролю ў наданнi легiтымнасцi цяперашняй уладзе. Было б вялiкiм глупствам з боку дэмакратычных партый i арганiзацый дапамагаць ёй у гэтым у якасцi статыстаў.
На заканчэнне скажу, што асабiста я ў маючых адбыцца выбарах прымаць удзел не буду: Нi ў выглядзе кандыдата ў дэпутаты, нi ў выглядзе выбаршчыка. Чаму? На гэтае пытанне я ўжо, здаецца, адказаў.
Што магло б змянiць маё стаўленне да ўдзелу ў выбарах?
Па-першае, прыняцце ВС дэмакратычнага закона аб выбарах, якi б не меў тых хiбаў, пра якiя мы сёння гаварылi.
Па-другое, роўны доступ да дзяржаўных сродкаў масавай iнфармацыi для ўсiх, без выключэння, кандыдатаў у дэпутаты. (Дзяржаўныя СМi iснуюць за мой i iншых падаткаплацельшчыкаў кошт, але абслугоўваюць цяпер толькi iнтарэсы вертыкалi).
Па-трэцяе, спыненне палiтычных рэпрэсiй, вызваленне ўсiх палiтзняволеных. Адмена раней накладзеных незаконных пакаранняў.
Па-чацвёртае, пакаранне фальсiфiкатараў папярэднiх выбараў i рэферэндумаў.

Уладзiмiр СТАРЧАНКА

 

Hosted by uCoz