Праблемы выжывання беларускай нацыі

Жыццё нацыі можна разглядаць як цыклічны працэс біялагічнага самаўзнаўлення і перманентнай культурнай адаптацыі пэўнай чалавечай папуляцыі да канкрэтных умоў гістарычнага існавання. Нацыя жыве, пакуль падтрымліваецца яе папуляцыйная колькасць, захоўваецца жыццёвая прастора і пакуль яе спосаб існавання (культура) адэкватны ўмовам жыццядзейнасці. Адпаведна нацыя пачынае дэградаваць і выміраць, калі папуляцыя скарачаецца, памяншаецца жыццёвая прастора або яе культура робіцца неадэкватнай новым умовам жыццядзейнасці.
Жыццяздольнасць і жыццядзейнасць нацыі забяспечваюцца адмысловымі соцыа-культурнымі структурнымі арганізаванасцямі: сям'ёй, родам, племем, племянным саюзам, нацыянальнай дзяржавай, з якіх на цяперашні час галоўную ролю іграюць сям'я і дзяржава. (Дзеля спрашчэння я свядома не разглядаю тут ролю грамадскіх утварэнняў кшталту групаў, асацыяцый, цэхаў, аб'яднанняў, партый…). Сям'я нясе адказнасць у асноўным за біялагічнае ўзнаўленне нацыі і першапачатковае фармаванне нацыянальнай культуры індывіда. Нацыянальная дзяржава і яе інстытуцыі ахоўваюць і падтрымліваюць сям'ю, ствараюць спрыяльныя ўмовы для яе функцыянавання. Яны ж нясуць асноўную адказнасць за падтрыманне жыццядзейнасці нацыі цалкам. Дзеля чаго дзяржава ахоўвае нацыянальную тэрыторыю і абараняе палітычныя і эканамічныя інтарэсы нацыі, яе суверэнныя правы ў міжнародных дачыненнях. Ва ўнутранай палітыцы галоўная функцыя дзяржавы не толькі ў тым, каб арганізоўваць пэўны грамадскі парадак і гарантаваць палітычную і эканамічную стабільнасць, але ў тым, каб забяспечваць перманентнае ўзнаўленне, функцыяванне і развіццё нацыянальнай культуры. Гэта тлумачыцца тым, што нацыянальная культура ёсць адзіны натуральны спосаб і сродак нацыянальнага існавання, які забяспечвае нацыі выжыванне ў зменлівых умовах жыццядзейнасці і ў атачэнні іншых нацый. У гэтым сэнсе культура не можа быць "нізкай" ці "высокай", а толькі адэкватнай або неадэкватнай. Можна нават сказаць, што культурная (адэкватная) нацыя выжывае, некультурная (неадэкватная) вымірае. (Для прыкладу, каму-небудзь можа падацца, што культура паўночнаамерыканскіх эскімосаў або цэнтральнаафрыканскіх пігмеяў з'яўляецца "нізкай", бо яны жывуць у прымітыўных буданах і не маюць прамысловасці, а вось у французаў культура "высокая", бо яны жывуць у шматпавярховых гмахах, лётаюць на самалётах і карыстаюцца каналізацыяй. Аднак той факт, што не толькі французы, але і эскімосы і пігмеі дажылі да 21 стагоддзя, сведчыць пра тое, што ўсе яны з'яўляюцца носьбітамі адэкватнай умовам жыцця самабытнай культуры. У той жа час зразумела, што француз, перанесены ў афрыканскія джунглі або паўночныя льды перастаў бы быць культурным чалавекам і не выжыў бы самастойна, гэтак сама, як і эскімос з пігмеем былі б неадэкватныя (некультурныя) у парыжскіх завулках.) Вось чаму для нацыі пытанне захавання нацыянальнай культуры - гэта пытанне жыцця і смерці. 
І яшчэ адзін тэзіс, які вынікае з прынцыпа адэкватнасці - чужая культура з прычыны неадэкватнасці заўсёды нясе нацыі смерць. (Тут гаворка не ідзе пра натуральнае суіснаванне і ўзаемаўзбагачэнне культур, калі нейкія прадукты або ўзоры чужой культуры ўспрымаюцца і асімілююцца нацыянальным арганізмам. Гаворка ідзе менавіта пра культурную экспансію, культурную агрэсію, пра гвалтоўнае замяшчэнне нацыянальнай культуры эрзац-культурай імперскай нацыі.) Таму культурная агрэсія, культурная акупацыя і татальная культурная асіміляцыя -- гэткае ж злачынства супраць нацыі і чалавецтва, як агрэсія і акупацыя вайсковыя, як і фізічны генацыд. 
Падводзячы пэўную рысу, можна зазначыць, што нацыянальнае самаўзнаўленне, існаванне і развіццё забяспечваюцца адмысловымі біялагічнымі, соцыякультурнымі і палітычнымі механізмамі, якія натуральна ствараюцца, транслююцца і ўдасканальваюцца ў працэссе гістарычнага жыцця. Паломка любога з іх стварае пагрозу выжывання нацыі.
Што тычыцца беларускай нацыі, то на цяперашні час яна яшчэ жывая, але механізмы яе самаўзнаўлення, існавання і развіцця ў значнай ступені разбураныя, жыццёвыя сілы падарваныя, а гістарычная перспектыва цьмяная. Як следства, выразна абазначылася тэндэнцыя да дэградацыі і вымірання беларусаў. Нацыя не выглядае адэкватнай і адпаведна не выглядае культурнай.
У падобных выпадках заўсёды ёсць прычыны заняпаду. І яны нам вядомыя. Напрыканцы 18 стагоддзя акупацыя і анексія беларускіх земляў расійскай імперыяй сталіся магчымымі найперш з-за незавершанасці працэсаў нашага нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва. (Рэч Паспалітая не была ўласна беларускай нацыянальнай дзяржавай, а ВКЛ не было ў поўнай меры суверэнным дзяржаўным утварэннем беларусаў. Беларускую нацыю не было каму бараніць, яе не бралі ў разлік, бо не было нацыянальнай дзяржавы, якая б прэзентавала яе як суб'ект міжнароднага права, якая б кансалідавала нацыю ў барацьбе за незалежнасць. Характэрна, што ў тыя часы як і пазней у 19-20 стагоддзях беларусы выступалі як біялагічны матэрыял (гарматнае мяса) у руках суседніх нацый і, не маючы ўласнага палітычнага інтарэсу, мусілі змагацца паміж сабой за інтарэсы чужыя. Для ілюстрацыі можна прыгадаць часы напалеонаўскіх войнаў, першую і асабліва другую сусветныя войны.) Адсутнасць паўнавартай незалежнай і суверэннай (не толькі па назве, але і па зместу) нацыянальнай дзяржавы і сёння застаецца галоўнай прычынай, па якой нацыя не можа эфектыўна супрацьстаяць працэсам вымірання. (Безумоўна, што ўтварэнне ў 1918 годзе БНР у 1919 -- БССР а ў 1990-91 -- незалежнай Рэспублікі Беларусь -- гэта важнейшыя крокі на шляху дзяржаўнага будаўніцтва. Аднак, на вялікі жаль, пытанне стварэння нацыянальнага ўраду і нацыянальнай па зместу ўлады застаецца не вырашанае. Як у складзе расійскай імперыі, гэтак і ў часы БССР і РБ улада ў Беларусі па-ранейшаму застаецца ў руках каланіяльнай адміністрацыі.)
Галоўнай знешняй прычынай заняпаду з'яўляецца тое, што на працягу ўжо больш чым двух стагоддзяў расійскі імперыялізм праз сваю каланіяльную адміністрацыю ў Беларусі праводзіць палітыку, скіраваную на фізічнае знішчэнне і культурную асіміляцыю беларусаў. Гэткая палітыка з цягам часу мяняе свае формы і робіцца ўсё больш вытанчанай і адмысловай, але яе людажэрны змест застаецца нязменным. 
Традыцыйна каланіяльная ўлада ў адпаведнасці з геапалітычнымі імперскімі інтарэсамі Расіі распараджаецца беларускай тэрыторыяй, то змяншаючы яе да памераў некалькіх раёнаў, то "ўзбуйняючы" да памераў некалькіх абласцей, то цалкам анексуючы ў склад Расіі. Вось і цяпер гаворка ідзе аб чарговай анексіі тэрыторыі фармальна незалежнай Беларусі праз "добраахвотнае" уступленне яе ў РФ на правах новай губерніі. 
Таксама традыцыйна каланіяльная ўлада штучна абмяжоўвае рост беларускага народанасельніцтва. У розныя часы гэта рабілася рознымі спосабамі. У 19 стагоддзі і да сярэдзіны 20 стагоддзя -- праз татальны або выбарачны генацыд, праз перасяленне і рассейванне беларусаў за межы Бацькаўшчыны -- у Сібір, Урал, казахскія стэпы, праз раскулачванне, абрабаванне і давядзенне да апошняга стану жабрацтва сялянства, праз алкагалізацыю і люмпенізацыю ўсяго насельніцтва, праз разбурэнне сям'і і хрысціянскай маралі. У другой палове 20 і на пачатку 21 стагоддзя разбурэнне інстытута сям'і і маралі дапоўнілася прапагандай і распаўсюджваннем абортаў і нават прымусовай стэрылізацыяй беларускіх жанчын, стварэннем невыносных эканамічных умоў існавання, калі дзіця робіцца эканамічна непасільным цяжарам для маладой сям'і. Таксама актыўна выкарыстоўваюцца неспрыяльныя экалагічныя ўмовы, звязаныя з Чарнобыльскай катастрофай. Апошнія 17 год каланіяльныя ўлады займаюцца не ліквідацыяй, а прыхаваннем яе медычных, сацыяльных і дэмаграфічных наступстваў, што спрыяе інтэнсіўнаму выміранню жыхароў пацярпелых раёнаў. На фоне рэзкага зніжэння нараджальнасці (сёння з кожных трох зачатых беларускімі жанчынамі плодаў двух забіваюць у жываце маці!) адбываецца несупынны рост смяротнасці з-за хвароб, звязаных з пражываннем ва ўмовах малых доз радыяцыі і харчаваннем забруджанымі радыенуклідамі прадуктамі. Ва многіх раёнах Гомельшчыны смяротнасць утрая пераўзыходзіць нараджальнасць. Адначасова ва ўсёй Беларусі скарачаецца працягласць жыцця людзей. Дэмаграфічныя наступствы Вялікай Чарнобыльскай вайны для беларусаў ўжо пераўзышлі наступствы Другой сусветнай вайны. Але ж Чарнобыльская вайна яшчэ не скончылася. Карыстаючыся выміраннем палешукоў, каланіяльныя ўлады заахвочваюць масавую нелегальную эміграцыю і каланізацыю Палесся крымінальнымі элементамі, бежанцамі і бамжамі з Расіі, Казахстана, Узбекістана, Таджыкістана, Каўказа і Малдовы. Фактычна ў трохі прыхаваным выглядзе ўлады праводзяць этнічныя чысткі на беларускім Палессі, якое паступова губляе свой натуральны беларускі твар. На вайне як на вайне: зачышчаная ад беларусаў жыццёвая прастора імкліва займаецца чужынцамі. 
Асаблівую ўвагу каланіяльныя ўлады традыцыйна надаюць разбурэнню нацыянальнай культуры беларусаў і замяшчэннем яе імперскім культурным сурагатам. Улады ведаюць, што пазбаўлены нацыянальнай культуры (гэта значыцца расчалавечаны) беларус не мае нацыянальнай свядомасці і не ў'яўляе сваіх нацыянальных інтарэсаў. Ён не здольны супраціўляцца гвалту і не здольны змагацца за сваё жыццё, сваю зямлю, за плён сваёй працы. Яго можна пагнаць на чужую вайну або прымусіць ўласнымі рукамі душыць будучыню сваіх жа дзяцей. Вось чаму ўжо два стагоддзі каланіяльная школа робіць з беларусамі тое, што не ў стане аказаўся зрабіць з імі сувораўскі штык, мураў'ёўская шыбеніца і наган энкавэдыста. Каланіяльная сістэма адукацыі разам з каланіяльнымі і імперскімі СМІ (не трэба забывацца на тое, што Беларусь знаходзіцца ў расійскай інфармацыйнай прасторы) займаюцца татальнай русіфікацыяй беларускай нацыі, робячы яе неадэкватнай умовам жыццядзейнасці, асуджаючы на залежнасць і выміранне. У выніку разбурэння механізмаў нацыянальна-культурнага самаўзнаўлення, праз знішчэнне беларускай школы, беларускай мовы і гістарычнай памяці беларусаў і замены іх рускай каланіяльнай школай, рускай мовай і фальшаванай расійскай гісторыяй, ужо многія пакаленні беларусаў глядзяць на свет чужымі вачыма, жывуць чужым жыццём, кіруюцца чужым розумам і воляй, не распараджаюцца сваім лёсам, сваёй зямлёй, нетрамі, маёмасцю і працай.
Падводзячы рысу, мушу зазначыць, што найгалоўнейшыя разрывы (праблемы) у жыццядзейнасці беларускай нацыі яшчэ могуць быць выпраўленыя праз палітыку нацыянальна-культурнага адраджэння. Аднак чакаць правядзення такой палітыкі ад каланіяльнай адміністрацыі не выпадае. Таму галоўнай палітычнай задачай беларускай нацыі з'яўляецца набыццё сапраўднага дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці, што ў сваю чаргу можа быць дасягнута праз адхіленне ад улады каланіяльнай адміністрацыі і замену яе нацыянальным беларускім урадам.

Hosted by uCoz