Што адбылося на Беларусi (развагi з нагоды апошняй прэзiдэнцкай кампанii)

Старт дзiўнай кампанii.
Сапраўды, прэзiдэнцкая выбарная гонка пачалася даволi дзiўна. Хаця не. Пачалася яна як раз нармальна, з зусiм натуральнага i законнага прызначэння Вярхоўным Саветам краiны даты чарговых прэзiдэнцкiх выбараў на 16 мая 1999 года i аднаўлення дзейнасцi ЦВК пад кiраўнiцтвам В.Ганчара. А дзiвосы пачалiся крыху пазней, калi Аб'яднаная Грамадзянская Партыя вырашыла дыстанцыравацца ад распачатай ёй жа прэзiдэнцкай кампанii. (Нагадаю, што гэта тая самая партыя, якая мае большасць у ВС 13-га склiкання i ў якую ўваходзiць ужо згаданы Вiктар Ганчар.) Па iншаму кажучы, даўшы старт выбарчай гонцы, АГП адразу з дыстанцыi збочыла. Фармальна з-за таго, што З'езд партыi так i не здолеў вызначыцца адносна падтрымкi канкрэтнага кандыдата ў прэзiдэнты i прыняў рашэнне аб перакладаннi гэтага выбару, а таксама пытання аб удзеле-няўдзеле ў рабоце выбарчых камiсiй на плечы сваiх рэгiянальных структур i першасных арганiзацый. Такая пазiцыя партыi сталася вынiкам не толькi глыбокiх аб'ектыўных, але i суб'ектыўных прычын. У прыватнай размове з двумя сябрамi палiтсавету АГП мне давялося пачуць меркаванне, што пазiцыя партыi тлумачыцца не ў апошнюю чаргу тым, што "Ганчар авантурыст, з якiм нельга мець справу".
Тым не меней рашэнне АГП застацца ў цянi падчас важнейшай палiтычнай акцыi не насцярожыла iншых яе удзельнiкаў. Наадварот, ва ўмовах адсутнасцi канкурэнцыi з боку АГП Беларускi Народны Фронт узяў iнiцыятыву па стварэннi тэрытарыяльных камiсiй па выбарах прэзiдэнта на сябе, што адразу было адзначана грамадскасцю: "БНФ захапiў выбарчыя камiсii". Гэта пры тым, што паўсюдна сябры АГП адмаўлялiся ад прапаноў узначалiць гэтыя камiсii, хаця i не заўсёды адмаўлялiся ўвайсцi ў камiсii ў якасцi шэраговых сябраў.
Не менш дзiўнай аказалася i пазiцыя ВС РБ, якi таксама фактычна дыстанцыраваўся ад распачатай iм жа прэзiдэнцкай кампанii i не толькi нi разу не ўмяшаўся ў яе ход, але нават не паспрабаваў сабрацца, каб абмеркаваць склаўшуюся сiтуацыю.
Такiм чынам, амаль адзiнай цяглавай палiтычнай сiлай, якая на самой справе рухала выбарчую каляснiцу, быў БНФ, а кiраваў экiпажам, трымаючы лейцы ў руках, вопытны наменклатурны кучар Вiктар Ганчар (мiж iншым, былы вiцэ-прэм'ер ураду А.Лукашэнкi). Пагадзiцеся, што кампанiя даволi дзiўная, i для Фронту небяспечная.
Не менш дзiўная кампанiя падабралася i ў стане апазiцыйных (iншых не было) кандыдатаў у прэзiдэнты. Шырокай дэмакратычнай грамадскасцi прапанавалася зрабiць выбар памiж ярым дэмакратам, руплiўцам беларушчыны, паслядоўным незалежнiкам экс-прэм'ерам ураду А.Лукашэнкi Мiхаiлам Чыгiром (!?) i вядомым палiтэмiгрантам, лiдэрам БНФ у выгнаннi, раней прыстойным чалавекам, а цяпер баязлiўцам i нарцысам, змагаром з жанчынамi Зянонам Пазьняком. (Гэты абзац трохi ўтрыравана, але з большага правiльна перадае асноўны тон асвятлення пазiцый i асоб кандыдатаў у незалежнай прэсе пад час прэзiдэнцкай гонкi.)
Дзiўна, але факт: незалежнай прэсе i зацiкаўленым асобам удалося хутка i лёгка з паплечнiка Лукашэнкi М.Чыгiра зрабiць свядомага i паслядоўнага апазiцыянера. А яшчэ кажуць, што толькi БТ умее манiпуляваць грамадскай свядомасцю.
Адначасова арганiзатары акцыi на шматлiкiх сустрэчах з палiтычна актыўнай грамадскасцю канфедыцыйна паведамлялi, што акцыя надзвычай сур'ёзна падрыхтавана, што плануецца непасрэдны ўдзел у ёй наменклатуры, якая вельмi незадаволена дыктатарам i толькi чакае штуршка, каб адкiнуць сваё ганебнае мiнулае, выправiцца, стаць на шлях законнасцi i сумленнай працай на карысць ЦВК i свайго кандыдата Чыгiра скупiць вiну перад беларускiм народам. Таму менавiта Мiхаiл Чыгiр - прахадны кандыдат, бо ён той, каго падтрымае наменклатура.

На дыстанцыi.
Спачатку ўсё iшло гладка. Пры самым актыўным ўдзеле сяброў БНФ сетка тэрытарыяльных камiсiй па вы-барах прэзiдэнта краiны хутка i шчыльна пакрыла Бела-русь. Праўда, сумесных апазiцыйных сiл хапiла толькi на стварэнне абласных, гарадскiх i раённых камiсiй, што ж тычыцца камiсiй участковых, дык амаль нiдзе iх ства-рыць не ўдалося. Пасля таго, як ЦВК, у адпаведнасцi з законам, перадала выканаўчай уладзе пратаколы аб вылучэннi людзей у камiсii, вертыкаль замест таго, каб зацьвердзiць склад камiсiй i падключыцца да выбараў,
распачала рэпрэсii адносна ўдзельнiкаў выбарчай кампанii. З гэтага моманту выклiкi ў пракуратуру, да следчага, адмiнiстрацыйныя штрафы, арышты, вобыскi сталi паўсядзённай рэчаiснасцю для ўдзельнiкаў выбарчага працэсу. Найбольш пашансiла беспрацоўным сябрам камiсiй i тым, хто ў пратаколах вылучэння дальнабачна выдаў сябе за беспрацоўных. У iх не было праблемаў на працы. Так рухнуў мiф аб гатоўнасцi наменклатуры ўзяць удзел у выбарчай кампанii i падтрымаць свайго кандыдата М.Чыгiра.
Тым часам iнiцыятыўныя групы па вылучэннi кандыдатаў у прэзiдэнты занялiся зборам подпiсаў у падтрымку сваiх лiдэраў. Каманду Чыгiра склалi ў асноўным "сацдэмы" i "агэпэшнiкi", Пазьняка - у асноўным "бэнээфаўцы" i часткова "агэпэшнiкi". У прызначаны час неабходная колькасць подпiсаў была сабраная, i ЦВК афiцыйна зарэгiстравала Пазьняка i Чыгiра кандыдатамi ў прэзiдэнты РБ. Але ўжо гэты этап - збору подпiсаў - не абышоўся без спробаў фальсiфiкацый. Так, у Гомелi старшынi раённых выбарчых камiсiй (усе сябры БНФ) некалькi тыдняў патрабавалi, каб у адпаведнасцi з законам кiраўнiк iнiцыятыўнай групы Чыгiра "сацдэк" Б. прад'явiў жыўцом хаця б аднаго чалавека з тых, якiя сабралi ў Гомелi 6 тысяч подпiсаў у падтрымку свайго кандыдата, каб ён(яны) мог(маглi) у прысутнасцi сябраў камiсii паставiць свой аўтограф у падпiсных лiстах. На што спадар Б. вельмi злаваўся, пагражаў сябрам камiсiй звальненнем, але прад'явiць жыўцом змог толькi сябе. Не менш жорсткiя, але абсалютна законныя патрабаваннi былi прад'яўлены ў Гомелi i да iнiцыятыўнай групы Пазьняка.
Думаю, што менавiта на этапе збору подпiсаў за кандыдатаў многiм на Беларусi стала зразумела, што Беларускi Народны Фронт кiнуўся ў прэзiдэнцкую гонку не без пэўных умоў. Наадварот, некалькi разоў у рашэннях свайго Сойму Фронт адзначыў, што "зробiць усё, каб выбарчая кампанiя адбылася ў адпаведнасцi з заканадаўствам…" i папярэдзiў сябраў БНФ, што ў ходзе кампанii яны павiнны "строга прытрымлiвацца заканадаўства Рэспублiкi Беларусь, якое мае прыярытэт пры любых варунках". Наступныя падзеi пацвердзiлi, што гэтыя заявы для сябраў арганiзацыi ў чыёй Праграме запiсана "БНФ КАЖА ЛЮДЗЯМ ПРАЎДУ" не пусты гук, а кiраўнiцтва да дзеяння.
Рэгiстрацыя кандыдатаў у прэзiдэнты стала зручным момантам для падвядзення некаторых вынiкаў кампанii, якiя маглi б стаць падставай для прыняцця адэкватнага рашэння аб яе далейшым лёсе. Для большасцi ўдзельнiкаў i аб'ектыўных назiральнiкаў працэсу было зразумела, што некалькi пастаўленых перад ёю задач выбарчая кампанiя ўжо вырашыла:
- выкананы патрабаваннi Канстытуцыi i Закона аб выбарах прэзiдэнта РБ, прызначана дата прэзiдэнцкiх выбараў i адноўлена дзейнасць ЦВК;
- прадэманстравана сiла i стойкасць апазiцыi, яе здольнасць сфармiраваць аналаг уладнай вертыкалi i мужна супрацьстаяць рэпрэсiям з боку рэжыма;
- народу Беларусi i ўсяму свету было паказана, што Лукашэнка не жадае развiтвацца з уладай, баiцца дэмакратычных выбараў i ўласнага народа, рэпрэсуе сумленных людзей, якiя проста выконваюць свой грамадзянскi абавязак.
Разам з тым было зразумела, што ў склаўшыхся ўмовах рэальнага ўсенарод-нага галасавання арганiза-ваць не ўдасца. Было таксама зразумела, што любыя вынiкi галасавання не будуць прызнаны мiжнароднай супольнасцю: АБСЕ не прыслала сваiх назiральнiкаў, як i спецыяльных машын для арганiзацыi стацыянарных участкаў для галасавання.
Натуральным i чаканым выйсцем з гэтай сiтуацыi магло б стаць рашэнне Вярхоўнага Савета i ЦВК аб часовым прыпыненнi выбарчай кампанii ў сувязi з масавымi рэпрэсiямi ўладаў супраць яе ўдзельнiкаў. Аднак такое рашэнне, вiдаць, не ўваходзiла ў планы Вiктара Ганчара, якi дэманстраваў намер працягваць выбарчую кампанiю, не зважаючы на рэпрэсii, здаровы сэнс, палiтычную мэтазгоднасць i, як стала вядома пазней, на закон i сумленне.
ЦВК прымае рашэнне аб татальным 10-дзённым галасаваннi (з 6 па 16 мая 1999г.) з дапамогай пераносных скрынь, што сумнiўна з пункту гледжання закона, якi дазваляе такi спосаб галасавання толькi для асобных катэгорый грамадзян. Звароты Сойму БНФ з прапановай "прыспешыць вызначэнне канкрэтных месцаў галасавання ў дзень выбараў 16 мая…" ЦВК iгна-
руе. Больш таго, ЦВК, насуперак закону, заяўляе аб непрызнаннi вынiкаў галасавання, калi яно адбываецца на стацыянарных выбарчых участках!!!?
Пасля 6 мая падзеi разгортваюцца хутка i фатальна. Многiм удзельнiкам працэса робiцца зразумелым, што намаганнямi ЦВК кампанiя па выбарах прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь незваротна ператвараецца ў кампанiю па публiчнай дыскрэдытацыi Беларускага Народнага Фронту i ўсёй дэмакратычнай апазiцыi ў вачах беларускага народу i мiжнароднай супольнасцi. ЦВК з упартасцю, вартай лепшага выкарыстання, пачынае выдаваць у прэсу дутыя i неверагодныя лiчбы нiбыта прагаласаваўшых грамадзян. Прыкладам, у Гомелi нават 15 мая яшчэ не было нiводнага выбарчага бюлетэня, i ўсяго некалькi тысяч бюлетэняў было перададзена ў некаторыя раёны вобласцi, але ўжо 12 мая ЦВК iнфармавала грамадскасць, што на Гомельшчыне прагаласавалi 23% выбаршчыкаў. 13, 14, 15, 16 мая гэтая лiчба няўхiльна павялiчвалася ЦВК, пры тым, што нiякага галасавання не адбывалася ўвогуле. Падобная карцiна (з пэўнымi варыяцыямi) назiралася i па ўсёй Беларусi.
У такiх варунках многiя сябры БНФ палiчылi немагчымым для сябе браць удзел у ашуканстве i фальсiфiкацыях. Па ўсёй краiне пайшоў працэс выхаду сябраў БНФ з выбарчых камiсiй. Так, 12 мая Рада Гомельскай гарадской арганiзацыi БНФ адклiкала сваiх прадстаўнiкоў са ўсiх выбарчых камiсiй горада i прапанавала астатнiм фронтаўцам скласцi з сябе паўнамоцтвы сябраў камiсiй. Дарэчы, да гэтай парады прыслухалiся не толькi фронтаўцы, але i сябры iншых арганiзацый, якiя напiсалi заявы аб выхадзе са складу камiсiй. Адначасова Рада выступiла з адкрытым пратэстам супраць дзеянняў ЦВК i звярнулася да Зянона Пазьняка з прапановай зняць сваю кандыдатуру i адмовiцца ад далейшага ўдзелу ў кампанii па выбарах прэзiдэнта РБ.
Фактычна толькi так, праз выхад з камiсiй, сябры БНФ маглi захаваць сваё сумленне, адмежавацца ад фальсiфiкацый, уратаваць Фронт ад дыскрэдытацыi i выканаць пастанову Сойму ("зрабiць усё, каб выбарчая кампанiя адбылася ў адпаведнасцi з заканадаўствам…"), а таксама выканаць палажэнне сваёй Праграмы ("БНФ КАЖА ЛЮДЗЯМ ПРАЎДУ"). Гэта i было зроблена.

Дзiўны фiнiш кампанii.
Такiм чынам, на фiнiшы прэзiдэнцкай кампанii, якая пачалася як цалкам законная i палiтычна неабходная акцыя, але была ператворана ў брудную справу, ЦВК аказалася без аднаго кандыдата ў прэзiдэнты, амаль без выбарчых камiсiй, без БНФ, але ў атачэннi спароджаных ёю ж гораў хлуснi i татальных фальсiфiкацый. Другi кандыдат, Мiхаiл Чыгiр, увогуле апынуўся за кратамi i на цяперашнi час выглядае сапраўднай ахвярай авантуры.

Вынiкi кампанii.
Па-першае, сфальсiфiкаваныя ЦВК вынiкi галасавання не могуць быць прызнаныя нi ўдзельнiкамi кампанii, нi БНФ, нi мiжнароднай супольнасцю. Але самае галоўнае, што яны не могуць быць прызнаны беларускiм народам, якi рэальна не прымаў удзел у галасаваннi.
Па-другое, ЦВК i яе кiраўнiк В.Ганчар поўнасцю дыскрэдытавалi сябе ў ходзе выбарчай кампанii i павiнны цяпер сысцi ў адстаўку.
Па-трэцяе, Беларускi Народны Фронт засведчыў, што ён палiтычная сiла, якая ў любых варунках гаворыць народу праўду i дзейнiчае з сумленных пазiцый. Фронт не дазволiў заплямiць сябе i ўратаваў ад ганьбы ўсю дэмакратычную апазiцыю.
Па-чацвёртае, спадзяваннi на вырашэнне сур'ёзных палiтычных задач з дапамогай наменклатурных тусовак былi i застаюцца дарэмнымi. i гэта трэба асаблiва добра ўсвядомiць.
Можна, канечне, яшчэ казаць пра набыты ўдзельнiкамi кампанii вопыт, прыгадаць тыя вынiкi, што згаданы мной у раздзеле "На дыстанцыi". Можна знайсцi i нямала адмоўных вынiкаў. Сярод якiх: пэўная разгубленасць у стане дэмакратычнай апазiцыi, непаразуменнi ўнутры БНФ, натуральная незадаволенасць антылукашэнкаўскага электарата, якому абяцалi перамогу, i падобныя. Але мне здаецца, што няма сэнсу i нават неразумна самiм "раскручваць" i смакаваць адмоўныя вынiкi i замацоўваць у сябе i грамадскасцi комплекс непаўнавартасцi. iншая справа, што ўсе памылкi павiнны быць прааналiзаваны i ўлiчаны для таго, каб больш iх не паўтараць.

Дык што ж ўсё такi адбылося на Беларусi?
Пад выглядам правядзення кампанii па выбарах прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь адбылася спроба выкарыстаць нацыянальна-дэмакратычны патэнцыял краiны дзеля стварэння i раскруткi па сутнасцi прарасiйскай каланiяльнай "апазiцыi", як адзiнай альтэрнатывы каланiяльнаму дыктатарскаму рэжыму Лукашэнкi.
Адначасова планавалася дыскрэдытацыя, раскол i дэзарыентацыя нацыянальна-вызвольнага руху, якi павiнен быў страцiць давер народа i надоўга пакiнуць палiтычную арэну краiны. Намаганнямi БНФ гэтыя планы былi разбураны.

Я вельмi далёкi ад думкi, што ўсе ўдзельнiкi i нават арганiзатары акцыi ад пачатку ведалi пра яе добра закамуфляваную сутнасць. Наадварот, для многiх сутнасць праекта нечакана раскрылася толькi ў працэсе яго ажыццяўлення, для некаторых асэнсаванне прыйдзе яшчэ заўтра.

Р.S.
Карыстаючыся нагодай, хацеў бы звярнуць увагу на адну недарэчнасць, якая ў значнай ступенi садзейнiчае дэзарыентацыi беларускага нацыянальна-вызвольнага руху i незалежнiцкага электарата на палiтычнай прасторы, i гэтым стварае ўмовы для выкарыстання яго патэнцыялу ў антыбеларускiх мэтах.
Дагэтуль самай шырокай грамадскасцi невядома, хто супрацьстаiць нацыянальна-вызвольнаму руху (НВР) у ажыццяўленнi яго высакародных мэтаў? Хто перашкаджае яму адраджаць нацыянальную культуру беларусаў, хто перашкаджае будаваць сапраўды незалежную, квiтнеючую, дэмакратычную дзяржаву Беларусь? Каму, у рэшце рэшт, супрацьстаiць НВР?
За 11 гадоў беларускай рэканкiсты адказаў на гэтыя пытаннi было многа, i ўсе яны былi нездавальняючыя. Спачатку ворагамi былi камунiсты (Малафееў, Сакалоў, Камай…), пазней камунiсты i наменклатура (Кебiч), у вынiку на першых прэзiдэнцкiх выбарах электарат не галасаваў за камунiстаў (Новiкаў), не галасаваў за наменклатуру (Кебiч), а галасаваў за простага старшыню саўгаса Лукашэнку. Электарат i цяпер яшчэ не можа ўцямiць, у чым была яго памылка?
Практыка паказвае, што пры такiх падыходах не толькi Чыгiр або Ганчар, але i Замяталiн (калi дыстанцыруецца ад Лукашэнкi) мае шансы стаць альтэрнатыўным кандыдатам i атрымаць падтрымку не толькi дэзарыентаванага электарата, але i НВР.
Мiж тым адказ на пастаўленыя вышэй пытаннi гучыць выключна проста i натуральна: на Беларусi Нацыянальна вызвольнаму руху ўжо 200 год супрацьстаiць Калiнiяльная адмiнiстрацыя, якая ў розныя часы прымае розныя iпастасi. i гэта не ёсць спецыфiка нашай краiны, бо ва ўсiм свеце НВР супрацьдзеiць каланiяльная (акупацыйная) адмiнiстрацыя. Аўтару гэтых радкоў даводзiцца ўжо восьмы год прапагандаваць гэты цалкам натуральны тэзiс. Можна выказаць толькi шкадаванне, што ўсе мы iдзём да разумення такой простай iсцiны ўжо 11 гадоў!
Здольнасць каланiяльнай адмiнiстрацыi да мiмiкрыi не павiнна нiкога ўводзiць у зман. Каланiяльная адмiнiстрацыя мiмiкрыруе i памнажаецца "пачкаваннем", гэта яе спосаб самазахавання.
Ужо шмат гадоў мы павiнны былi б выпрацоўваць у насельнiцтва iмунiтэт да любых праяў iмперыялiзму (у тым лiку i расiйскага), каланiялiзму (у тым лiку i расiйскага), фашызму (у тым лiку i расiйска-славянскага). Толькi нацыянальна свядомае i прывiтае ад каланiялiзму насельнiцтва змагло б лёгка знайсцi агульныя рысы ў антыбеларускай палiтыцы i высветлiць аднолькавую каланiяльную сутнасць "нацыянальных лiдэраў" кшталту Суворава, Мураўёва-вешальнiка, Мяснiкова, Кнорына, Чарвякова, Цанавы, Панамарэнкi, Машэрава, Сакалова, Малафеева, Кебiча, Лукашэнкi ды iм падобных.
Таму вельмi важна выкарыстоўваць у палiтычнай барацьбе адпаведную i дакладную тэрмiналогiю з тым, каб пазбавiць ворага манеўру, не ўводзiць людзей у зман i не трацiць сiлы на змаганне з паветранымi млынамi.
Прыкладам, галоўная палiтычная задача, якая стаiць цяпер перад беларускiм народам i яго НВР, гучыць так: адхiлiць ад улады каланiяльную адмiнiстрацыю i замянiць яе нацыянальным урадам. Нельга поўнасцю падмяняць яе лозунгамi кшталту "Далой камунiстаў", "Далой Лукашэнку". Бо НВР змагаўся з Сакаловым i змагаецца з Лукашэнкам не таму, што першы - камунiст, а другi - "саўгаснiк", а таму, што абодва яны праводзяць антыбеларускую, каланiяльную палiтыку.

Выкрыццё сутнасцi каланiяльнай палiтыкi цяперашняй улады, тлумачэнне механiзмаў яе дзейнасцi i страт, якiя яна нясе беларусам, з'яўляецца важнай часткай штодзённай работы НВР.
Уладзiмiр СТАРЧАНКА

 

 

 

Hosted by uCoz