Што адбываецца на Беларусi?

Пасля двух гадоў адноснага зацiшша, звязанага з правалам працэдуры iмпiчмента Лукашэнкi i паспяховым ажыццяўлен-нем iм дзяржаўнага перавароту (кодавая назва "Рэферэндум-96"), у стане шырокай апазiцыi назiраецца ажыўленне.
Ужо вiдавочна, што гэтыя два гады не былi перыядам стагнацыi, а былi патрачаны на перагрупiроўку i збiранне сiлаў, на выпрацоўку стратэгii i тактыкi барацьбы.
У галiне стратэгii грамадскасць мае цяпер акрамя несправядлiва забытай iдэi нацыянальна-культурнага адраджэння беларусаў i актыўна фiнансуемай Захадам iдэi фармiравання грамадзянскай супольнасцi, iдэю адраджэння Беларускай Народнай Рэспублiкi. Апошняя ёсць альтэрнатывай стратэгii здачы краiны ў лона Расiйскай iмперыi, якую праводзiць наша каланiяльная адмiнiстрацыя пад кiраўнiцтвам прэзiдэнта.
Што тычыцца тактыкi, дык тут новых варыянтаў значна больш. Распачатая БНФ акцыя "Адстаўка" гарманiчна дапаўняецца грамадзянскiмi iнiцыятывамi "Хартыя-97" ды "Нелегiтымны прэзiдэнт", i падмацоўваецца рашэннем Вярхоўнага Савета краiны аб прызначэннi чарговых выбараў прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь на 16 мая гэтага года.
Аднак сённяшнi этап развiцця беларускага грамадства такi, што разлiчваць на хуткае i адназначнае вырашэнне галоўнай палiтычнай праблемы беларусаў (маецца на ўвазе адхiленне ад улады каланiяльнай адмiнiстрацыi i фармiраванне нацыянальнага ўрада) немагчыма. Бо гэтая задача па сiлах толькi для нацыянальна свядомага народа. А з нацыянальнай свядомасцю ў нас усё яшчэ ёсць праблемы, нават у стане тых, хто называе сябе дэмакратамi. Таму цяпер падаецца больш-менш верагоднай толькi ажыццяўленне акцыi пад умоўнай назвай "ДМБ-99", сэнс якой - адстаўка Лукашэнкi ў 1999 годзе, на што i наважылiся фактычна ўсе апазiцыйныя сiлы, прыняўшыя ўдзел у другiм Кангрэсе дэмакратаў.
Але з-за вышэй згаданай прычыны i акцыя "ДМБ-99" можа стаць рэальнасцю толькi пры непасрэднай падтрымцы самой каланiяльнай адмiнiстрацыi, якая таксама нiбыта незадаволена авантурнымi планамi i непрадказальнасцю Лукашэнкi. Праз гэта на палiтычную сцэну краiны i выходзiць цяпер асоба Мiхаiла Чыгiра, галоўная каштоўнасць якога ў тым, што ён можа быць прыняты самой каланiяльнай адмiнiстрацыяй як альтэрнатыва Лукашэнку. А выступiць дырыжорам аркестра бярэцца Вiктар Ганчар, якi старанна падтрымлiвае iмiдж энергiчнага, дасведчанага i рашучага апаратчыка.
У гэтых варунках усiм ўдзельнiкам акцыi "ДМБ-99" трэба ўсведамляць, што яе вынiкам (калi яна ўдасца) стане толькi замена кiраўнiка нашай каланiяльнай адмiнiстрацыi на новую, трэба спадзявацца, менш адыёзную i больш лаяльную да беларушчыны асобу. Гэта прывядзе да змякчэння рэжыму, пашырыць прастору для нацыянальна-вызвольнага руху i створыць лепшыя ўмовы для паступовай трансфармацыi iнтарэсаў каланiяльнай адмiнiстрацыi ў бок iнтарэсаў нацыянальных. Але сама магчымасць такой трансфармацыi ва ўмовах суседства з аганiзiруючай Расiйскай iмперыяй, якая лiхаманкава шукае новую жывую iмперскую iдэю (i, здаецца, ужо спынiлася на рускiм фашызме), не выглядае параканаўчай. Гэта трэба разумець сёння, каб заўтра не перажыць расчаравання ад таго, што перамога была нiбыта скрадзена.
Большага ад акцыi, на жаль, чакаць нельга. Аднак скончыцца яна можа i чарговай паразай апазiцыi. (Раптам высветлiцца, што грошы скончылiся, а з ключавымi фiгурамi ў вертыкалi забылi дамовiцца, або гэтыя фiгуры ў адказны момант збаялiся выканаць свае сцэнарныя ролi). Тады можна будзе суцяшаць сябе тым, што барацьба была не дарэмнай i прынесла бясцэнны вопыт, якi дапаможа пры новых штурмах бастыёнаў лукашызму.
Але ў любым выпадку галоўная выснова, якую павiнен будзе зрабiць нацыянальна-вызвольны рух i апазiцыя тая, што сапраўдная стратэгiя для Беларусi палягае ў нацыянальна-культурным адраджэннi, у абуджэннi нацыянальнай свядомасцi насельнiцтва. Так, так, мы да канца нi разу не даслухалi гэтую старую адраджэнскую пласцiнку. А дарэмна! Дэнацыяналiзаванае грамадства не здольнае да плённага вырашэння сваiх палiтычных, эканамiчных i культурных праблем. Самыя шчырыя i актуальныя палiтычныя iнiцыятывы на фоне дэнацыяналiзаванага насельнiцтва выглядаюць штучнымi i непатрэбнымi. Шкада, што да разумення гэтага мы iдзем яшчэ i сёння, у той час як тэарэтыкi i практыкi каланiяльнай палiтыкi выдатна разумелi гэта яшчэ два стагоддзi назад. Выдатна гэта разумее i Лукашэнка, распачаўшы сваю дзейнасць з разгону беларускiх школ i знiшчэння падручнiкаў па сапраўднай беларускай гiсторыi.
А спадзяваннi на вырашэнне сур'ёзных палiтычных задач з дапамогай наменклатурных тусовак былi i застаюцца дарэмнымi. i гэта таксама ўсiм нам трэба будзе ўсвядомiць.

Уладзiмiр СТАРЧАНКА

Hosted by uCoz