Урокi Кастрычнiка

81 год мiнуў з тых часоў, калi ў сталiцы Расейскай iмперыi Пiцеры бальшавiкi пад кiраўнiцтвам Ленiна здзейснiлi ўзброены дзяржаўны пераварот i захапiлi ўладу.
Распачатая пасля гэтага грамадзянская вайна, чырвоны i белы тэрор, сталiнскiя рэпрэсii ўнеслi многiя мiльёны жыццяў жыхароў Расейскай iмперыi. Гэта ўсё агульнавядомыя факты. Але паўстае пытанне чаму ўсё адбылося менавiта так? Чаму захапiлi i ўтрымалi ўладу менавiта нешматлiкiя бальшавiкi, а не, скажам, манархiсты, або абапiраўшыяся на шматмiльённыя сялянскiя масы эсэры?
Папулярная трактоўка тых падзей зыходзiць з класавых пазiцый i зводзiцца да таго, што перадавы рабочы клас пад кiраўнiцтвам свайго авангарда - партыi бальшавiкоў- правёў сацыяльную рэвалюцыю, у вынiку чаго быў змецены царызм, была адноўлена сацыяльная справядлiвасць, а таксама была знята супярэчнасць памiж iмклiва развiваўшымiся вытворчымi сiламi i старымi аджыўшымi грамадскiмi адносiнамi.
Аднак такая трактоўка не адпавядае гiстарычным фактам. Па-першае, царызм быў змецены яшчэ падчас лютаўскай дэмакратычнай рэвалюцыi 1917 году. Па-другое, сацыяльная справядлiвасць не толькi не была адноўлена, але ў вынiку ўсталявання палiтыкi дыктатуры i чырвонага тэрора ўсё насельнiцтва краiны было пазбаўлена элементарных правоў, а значная яго частка (нягледзячы на класавую прыналежнасць) рэпрэсiравана. Асаблiва пацярпелi сяляне, мiльёны якiх былi замораны голадам, расстраляны, раскулачаны, адпраўлены на выселкi, асуджаны да катаржных работ у ГУЛАГу. Дасталося i iнтэлiгенцыi, не кажучы пра дваранства. Але не пазбегнуў рэпрэсiй i рабочы клас, i створаны ўладай клас кiруючай наменклатуры, якую зыходзячы з прынцыпа ратацыi кадраў рэгулярна i метадычна "ачышчалi" у засценках НКВД. Па-трэцяе, замена буржуазнага ладу на дзяржаўнае рабаўладанне нiяк не назавеш крокам наперад у грамадскiх адносiнах, калi прыгадаць, што падзеi адбывалiся не напачатку новай эры, а напачатку дваццатага стагоддзя.
Чаму ж расiяне пайшлi за бальшавiкамi i так ахвотна i наiўна паддалiся на дэмагагiчныя абяцанкi зямлi - сялянам, фабрык - рабочым, а ўлады - народу? Чаму яны не толькi добраахвотна надзелi на сябе ланцугi рабоў, але з iмпэтам дзесяцiгоддзямi працавалi на новую ўладу i праслаўлялi яе, а нашчадкi тых рабоў i цяпер плачуць ад шчасця, гледзячы на партрэт тырана-Сталiна?
Даць адказ на гэтыя пытаннi можна толькi з пазiцый тэорыi развiцця iмперый.
Расiйская iмперыя пачатку 20 стагоддзя была класiчнай iмперыяй, якая перажывала крызiс развiцця. Велiзарная тэрыторыя (большая, чым у пазнейшай iмперыi СССР), набытая за некалькi стагоддзяў бясконцых войн i захопнiцкiх паходаў. Мiлiтарызаваная эканомiка, моцная прага новых тэрытарыяльных здабыткаў i прагнiўшая за стагоддзi ад старасцi i бюракратызацыi сiстэма дзяржаўнага кiравання. Да таго ж iдэалагiчная абалонка iмперскай iдэi: "За веру (праваслаўную), цара i Айчыну" безнадзейна састарэла i не магла больш стымуляваць i апраўдваць далейшае пашырэнне шматнацыянальнай i шматканфесiйнай еўра-азiяцкай iмперыi. Да таго ж эканамiчнае, тэхналагiчнае i ваеннае адставанне Расii ад вядучых краiн i iмперый свету рабiлася ўсё больш вiдавочным i не магло не раздражняць iмперскае пачуццё як вялiкарускай нацыi, гэтак i кiруючый элiты. У такiх умовах iмперыi як паветра патрэбна была ваенная перамога, якая б магла стабiлiзаваць унутранае становiшча, узняць вагу на мiжнароднай арэне i задаволiць на нейкi час самалюбства вялiкаросаў. Аднак распачатая Расiяй вайна з Японiяй скончылася ганебнай паразай, якая прывяла да палiтычнага крызiсу 1905-1907 гадоў. З вялiкiмi цяжкасцямi "калос на глiняных нагах" устаяў. Але фактычная параза Расii ў Першай iмперыялiстычнай вайне 1914-1917 гадоў прадэманстравала яе слабасць i прывяла да краху. Самаадрачэнне цара, фармiраванне часовага ўраду, склiканне Устаноўчага сходу, перадача ўладных паўнамоцтваў саветам, увядзенне iншых элементаў народаўладдзя (дэмакратыi) у палiтычнае жыццё iмперыi былi першай i наiўнай спробай уратаваць становiшча, бо дэмакратызацыя любой iмперыi вядзе да яе хуткага развалу на незалежныя нацыянальныя краiны. iмперыя сапраўды пачала iмклiва рвацца па нацыянальных швах. Абвясцiлi незалежнасць Фiнляндыя, Польшча, Прыбалтыйскiя краiны. Усiм iм хапае ўнутраных сiлаў i знешняй падтрымкi, каб вырвацца з iмперыi i пазбегнуць пазнейшых сталiнскiх рэпрэсiй. Заходнi фронт фактычна развальваецца. Бальшавiкi вядуць актыўную агiтацыю на франтах за паражэнне Расii, спрыяюць дэзертырству i анархii. Яны разумеюць, што ваенная параза абернецца новым палiтычным крызiсам i аблегчыць iм захоп улады. iх планы здзяйсняюцца 25 кастрычнiка 1917 года.
Але захапiць уладу ў iмперыi - гэта адно, а захаваць яе - зусiм iншае. i тады бальшавiкi прапаноўваюць вялiкаросам новую знешнепалiтычную iдэалагiчную абалонку iмперскай iдэi сусветнага панавання - iдэю Сусветнай Рэвалюцыi. Усе народы i краiны свету будуць далучаны да Расiйскай iмперыi праз экспарт рэвалюцыi. Унутраная палiтыка асiмiляцыi
нярускага насельнiцтва iдэалагiчна падмацоўваецца iдэяй фармiравання дэнацыяналiзаванага савецкага чалавека, iдэяй зблiжэння сацыялiстычных нацый i фармiравання адзiнага савецкага (рускага, расiйскага) народа. Супрацьпаставiць гэтаму нешта сур'ёзнае не змаглi нi манархiсты-абсалютысты, нi канстытуцыйныя манархiсты, нi эсэры, нi тым больш дэмакраты. Гэтая абставiна i забяспечыла падтрымку бальшавiкоў не толькi люмпен-пралетарыятам, але i часткай расiйскай iнтэлiгенцыi, вайсковай i палiтычнай элiты. Але самае галоўнае, што бальшавiкi былi падтрыманы большасцю вялiкароскай нацыi. Распачаўшаяся пасля кастрычнiка 17-га грамадзянская вайна была не столькi вайной чырвоных з белымi, як вайной кiруемай бальшавiкамi вялiкароскай нацыi супраць раней парабаваных але паўстаўшых на змаганне за волю i незалежнасць народаў расiйскай iмперыi.
У 1918 годзе ўтвараюцца Беларуская i Украiнская Народныя Рэспублiкi, узнiкаюць незалежныя дзяржавы i сур'ёзныя праблемы на Каўказе, Сярэдняй Азii i Далёкiм Усходзе. Чырвонае войска ўзброенай сiлай некалькi гадоў падаўляе ачагi нацыянальна-вызваленчай барацьбы (не без дапамогi белага войска). Адначасова ленiнскi ўрад праводзiць сталiнскую нацыянальную палiтыку i дэмагагiчна абвяшчае права нацый на самавызначэнне аж да аддзялення. Паўсюдна фармiруюцца марыянеткавыя камунiстычныя ўрады, абяцанкамi i пагрозамi пераманьваецца на бок бальшавiкоў нацыянальная iнтэлiгенцыя. Гэткая палiтыка не заўсёды дае плён (Польшча, Прыбалтыка, Фiнляндыя), але з большага аказваецца дастаткова дальнабачнай i не дазваляе вырвацца з iмперыi большасцi паняволеных народаў. Застаюцца ў складзе камунiстычнай iмперыi i Беларусь з Украiнай.
Перамогшы палiтычных канкурэнтаў i падавiўшы нацыянальна-вызваленчыя рухi, камунiсты пачынаюць палiтыку экспарта рэвалюцыi ў суседнiя краiны. Утвараецца суперструктура Камiнтэрна, на якi працуе ўся iмперыя. Аднак хутка высвятляецца, што экспарт рэвалюцыi -- справа не вельмi надзейная, бо шэраг iнспiраваных бальшавiкамi рэвалюцый (Венгрыя, Германiя) заканчваюцца паразай.
Тады стаўка робiцца на мiлiтарызацыю i неабходную для гэтага iндустрыялiзацыю краiны i падрыхтоўку да рэвалюцыйнай вайны супраць краiн Еўропы i Азii. Зрабiць гэта ў сцiслыя тэрмiны можна было толькi за кошт звышэксплуатацыi як рабочага класа, гэтак i сялянства. Сяляне заганяюцца ў калгасы, пазбаўляюцца ўсiх грамадзянскiх правоў (нават пашпартоў) i вымушаны працаваць за палачкi-трудаднi. Увесь прадукт сельскай гаспадаркi адбiраецца дзяржавай, сяляне галадаюць. Рабочыя спачатку праз палiтыку ваеннага камунiзму, а потым праз арганiзацыю сацыялiстычнага спаборнiцтва i рух стаханаўцаў заганяюцца ва ўмовы звышэксплуатацыi. Пры гэтым малейшае парушэнне працоўнай дысцыплiны караецца доўгiмi гадамi катаргi. Аднак гэтых мер мала i бальшавiкi арганiзоўваюць сiстэму канцэнтрацыйных працоўных лагероў (ГУЛАГ) куды накiроўваюцца за малейшую вiну, а часцей без усякай вiны сотнi тысяч рабочых, сялян, iтэлiгентаў. У лагерах створана сiстэма поўнасцю рабскай працы без аплаты i амаль без харчавання. Большасць зняволеных памiрае ад непасiльнай працы праз год - два. Але рэпрэсiўная машына iмгненна пастаўляе на месца памёрлых новых зняволеных - СССР краiна велiзарная i страты насельнiцтва можна не ўлiчваць. Менавiта рабы-зэкi будуюць усе iндустрыяльныя i транспартныя аб'екты ад Беламора-Балтыйскага канала да Днепрагэса i забяспечваюць iндустрыялiзацыю краiны. Яны працуюць на абаронных аб'ектах, у спецыяльных канструктарскiх бюро зэкi-акадэмiкi распрацоўваюць навейшую ваенную тэхнiку, а зэкi-рабочыя вырабляюць самалёты, гарматы i танкi для краiны Саветаў.
Аднак цi апраўдала сябе створаная Сталiным сiстэма рабскай працы не за iнтарэс, а за страх. Бясслаўная вайна на Халкiн-голе i вайна фiнская паказваюць, што не. СССР па ранейшаму не гатова да пераможнай рэвалюцыйнай вайны i тады пачынаецца хваля рэпрэсiй у войску. Да сценкi ставяцца сотнi i тысячы генералаў i афiцэраў Чырвонай армii. Гэта павiнна ўмацаваць дысцыплiну i павысiць адказнасць. Але да пачатку старанна рыхтаванай краiнай саветаў сумесна з фашысцкай Германiяй Другой сусветнай вайны СССР падыходзiць з тэхнiчна адсталым i дэмаралiзаваным рэпрэсiямi войскам, якое лiтаральна бяжыць некалькi месяцаў ад Вермахта, мiльёны салдат i афiцэраў здаюцца ў нямецкi палон.
Вераломны напад (была дамова з Гiтлерам, што Германiя захапiўшы сумесна з СССР Польшчу нападзе на Англiю) - адзiнае i вельмi слабое афiцыйнае тлумачэнне ваеннага краху СССР у 1941 годзе. Цяпер ужо ўсё насельнiцтва пераводзiцца на ваеннае становiшча i ўся краiна (войска i тыл) ператвараецца ў адзiны вайсковы лагер. Тэрор i эксплуатацыя вытворчых сiл набываюць нябачныя у гiсторыi памеры. Людскiя страты не лiчаць нi на фронце нi ў тылу. Гэта, а таксама лютая зiма i неабсяжнасцi iмперыi даюць свой плён. Разлiчаны на блiц-крыг нямецкi наступ захлынаецца пад Масквой. Далейшыя падзеi вядомыя. Коштам 30 мiльёнаў чалавечых ахвяроў з дапамогай саюзных войскаў СССР аказваецца ў лiку пераможцаў у Другой сусветнай вайне. У зоне савецкай акупацыi ва Усходняй Еўропе фармiруецца сацыялiстычны лагер. Межы савецкай iмперыi значна пашыраюцца ў Заходнiм напрамку, а былыя саюзнiкi амерыканцы, паспеўшыя да 1945 года распрацаваць i выкарыстаць ядзерную зброю робяцца заклятым ворагам. Прычым ворагам у эканамiчным i ваеннным сэнсах значна мацнейшым. Пачынаецца халодная вайна i гонка ўзбраенняў. СССР тэрмiнова ажыццяўляе ядзерны i касмiчны праекты. На гэта кiдаюцца апошнiя рэсурсы краiны. Кiруе праектамi ведамства Л.Берыi. Ёсць пэўныя поспехi, СССР выпрабоўвае атамную бомбу, але ў 1953 годзе Сталiн памiрае. Прыйшоўшы на яго месца Н.Хрушчоў з аднаго боку не разумее ў поўнай меры iмперыялiстычнай сутнасцi СССР i пачынае гаварыць пра мiралюбiваю палiтыку, з другога - не бачыць далейшых перспектыў у палiтыцы рэпрэсiй ад якой стамiлася не толькi насельнiцтва краiны, але i правячая
наменклатура. Хрушчоў у 1961 годзе адмяняе прыгоннае права не вёсцы i выдае сялянам пашпарты. Ён знiшчае сiстэму рабскай працы, вызвалiўшы i пачаўшы рэабiлiтацыю ахвяр ГУЛАГу. Ён жа пачынае i новую для СССР палiтыку павышэння дабрабыту (будуюцца дамы-хрушчоўкi, куды пераязджаюць з баракаў i зямлянак мiльёны грамадзян краiны). Усе гэтыя дзеяннi азначаюць канец палiтыкi звышэксплуатацыi i масавага тэрору i могуць лiчыцца пачаткам краху iмперыi СССР.
Брэжнеўскi перыяд стагнацыi i татальных прыпiсак, не менш татальнага дэфiцыту, барацьбы за мiр ва ўсiм свеце i поўнага маральнага разлажэння партыйна-наменклатурнага класа паступова i няўхiльна наблiжае гэты крах. Параза ў Афганскай авантуры, пройгрыш у гонцы касмiчных ўзбраенняў (амерыканцы паспяхова запускаюць шматразовы касмiчны чаўнок "Шатл") ставяць кропку ў 70-гадовай гiсторыi iснавання iмперыi СССР. Апошнi штуршок да развалу прагнiўшай iмперыi дае распачатая Андропавым i Гарбачовым палiтыка перабудовы. Дэмакратызацыя iмперыi заўсёды вядзе да яе распаду на нацыянальныя i суверэнныя краiны. Скарыстаўшыся слабасцю iмперскага цэнтра, абвяшчаюць дзяржаўны суверэнiтэт 15 былых саюзных рэспублiк (у тым лiку i Расiя), фактычна поўнай незалежнасцi дамагаюцца ў межах Расii нацыянальныя ўтварэннi (Башкiрыя, Татарыя, Чачня). Прагнуць суверэнiтэту Далёкi Ўсход, Урал, Прыкаўказскiя нацыянальныя ўтварэннi. Расiя ўсё яшчэ брацае ядзернай зброяй i спрабуе ўплываць на мiжнародныя падзеi. Але ўнутранага патэнцыялу для захавання тэрытарыяльнай цэласнасцi ў яе няма. Толькi дзякуючы палiтыцы саступак (бярыце суверэнiтэту колькi зможаце) прэзiдэнту Ельцыну ўдаецца фармальна ўтрымаць Расiю ад канчатковага развалу.
Аднак падобнае становiшча не можа задавальняць апантаную iмперскай iдэяй вялiкарускую нацыю, якая прагне рэваншу. Расiйскiя маткi бласлаўляюць сваiх сыноў, адпраўляючы на няправую вайну супраць чачэнскага народу, яны лепш згодныя атрымаць цела сына ў цынкавай скрынi, чым прызнаць права чачэнцаў самастойна жыць на зямлi сваiх продкаў.
Супраць вайны ў Чачнi пратэстуе купка расiйскiх праваабаронцаў i некалькi дэмакратаў. Маткi загiнуўшых прагнуць вайны да пераможнага канца. Бойня заканчваецца толькi тады, калi нават тупыя расiйскiя генералы пачынаюць разумець, што народ, нават маленькi, перамагчы немагчыма. Што нi танкi, нi самалёты, нi спецназы, нi новыя дзесяткi тысяч забiтых на ганебнай вайне рускiх салдацiкаў перамогу не прынясуць, бо чачэнскi народ прадэманстраваў маральную перавагу i гатоўнасць змагацца за незалежнасць да апошняга чалавека.
Параза ў чачэнскай вайне яшчэ больш паглыбiла палiтычны крызiс у Расii, якi апошнiм часам дапоўнiўся крызiсам эканамiчным. Улада i аўтарытэт Ельцына моцна пахiснулiся, як i яго здароўе. Расiя i яе палiтычная элiта адкрыта рыхтуюцца да самаадрачэння "цара" Барыса i перадзелу ўлады. Сiтуацыя моцна нагадвае 1917 год.
Якiя ж палiтычныя сiлы прэтэндуюць на ўладу ў Расii? Пачнем з таго, што ўсе палiтычныя сiлы, якiя дзейнiчаюць на агульнарасiйскай прасторы па сваёй сутнасцi з'яўляюцца iмперыялiстычнымi, або неаiмперыялiстычнымi. Гэта тычыцца i камунiстаў, i лiберальных дэмакратаў, i "дэмакратаў" кшталту Яўлiнскага або Гайдара, i "партыю" улады на чале з Ельцыным (Чарнамырдзiным - Прымаковым), i "партыю" алiгархаў i ўсiх iншых. Усе яны прэтэндуюць на тое, што ведаюць, як пераадолець эканамiчны i палiтычны крызiс у Расii i вярнуць iмперыi былую моц. Праўда, шляхi выхаду кожная палiтычная сiла бачыць па - свойму. Прыкладам, маючыя найбольшую колькасць прыхiльнiкаў камунiсты прапаноўваюць вярнуць iмперыi былую магутнасць старымi, ужо аджыўшымi сваё, метадамi. Дарэмныя намаганнi. Расiя за iмi больш не пойдзе. Камунiстычная iмперская абалонка сябе не апраўдала i скiнута назаўсёды. Неаiмперыялiсты кшталту Яўлiнскага, Нямцова, Беразоўскага, Чубайса бачаць выйсце ў радыкальных эканамiчных рэформах, якiя прывядуць Расiю да эканамiчнай моцы, якой будзе хапаць, каб эканамiчна закабалiць i прывязаць да Расii атрымаўшыя раней незалежнасць рэспублiкi былога СССР без юрыдычнага далучэння iх да iмперыi. Схема даволi перспектыўная i ўлiчвае сусветны вопыт пераходу сучасных iмперый ад палiтыкi класiчнага iмперыялiзму з ваеннай анексiяй чужых тэрыторый да больш мяккай i больш эфектыўнай палiтыкi неакаланiялiзму.
Сапраўды, навошта акупiраваць краiну i потым весцi бясконцую i бясплённую крывавую барацьбу з нацыянальна-вызваленчым рухам, калi можна з дапамогай эканамiчных i палiтычных рычагоў падтрымлiваць у краiне-сатэлiце лаяльны праiмперскi рэжым, якi ў дастатковай меры будзе праводзiць выгодную для iмперыi эканамiчную i ваенную палiтыку. Ён жа (мясцовы рэжым, а не iмперскi цэнтр) будзе i несцi адказнасць перад сваiм народам за праблемы ў эканомiцы ды iншых сферах жыцця.
Аднак трэба адзначыць, што палiтыка неакаланiялiзму, якую Расiя спрабавала праводзiць апошнiя 8-9 гадоў, успрымаецца вялiкаросамi як палiтыка нацыянальнай здрады. Масавая свядомасць па традыцыi прагне менавiта тэрытарыяльнага пашырэння iмперыi. Таму палiтычная перамога сiл, якiя спавядаюць неакаланiялiзм у сучаснай Расii выглядае даволi праблематычнай.
На гэтым фоне значна павышаюцца шанцы на перамогу ў беларускай каланiяльнай адмiнiстрацыi на чале з А.Лукашэнкам, якi прыкладае неверагодныя намаганнi, каб вырвацца на палiтычную прастору Расii. У прынцыпе ён адзiны кандыдат на пасаду прэзiдэнта Расii (цi Саюзу Расii i Беларусi), якi зможа разлiчыцца за яе сваёй Бацькаўшчынай i задаволiць пакрыўджанае iмперскае пачуццё вялiкаросаў. Баюся, што менавiта апошняя абставiна i будзе вырашальнай для расiйскага электарату.
Яшчэ адна палiтычная сiла, якая можа нечакана захапiць уладу - гэта расiйскiя фашысты, якiя iмклiва набываюць аўтарытэт сярод расiйскага электарату. Фашызм, як iмперская iдэалагiчная абалонка яшчэ не выкарыстоўваўся ў Расii, а тая абставiна, што ён не апраўдаў сябе ў Германii, не азначае, што вялiкаросы не захочуць паспрабаваць яго на ўласнай скуры. Ва ўсякiм выпадку чыста фашысцкi лозунг "Бей жидов - спасай Россию", абвешчаны нядаўна генералам Макашовым, знайшоў масавую падтрымку не толькi сярод мiльёнаў расiян, але i ў Дзяржаўнай думе. Паказальна, што лозунгi фашызму найбольш блiзкiя да сэрца камунiстычнага электарату, што сведчыць пра iстотную блiзказць гэтых iдэалогiй.
Таксама не выключаны i захоп улады ў краiне структурамi КГБ-ФСБ, якiя пранiзваюць i ў пэўнай ступенi кантралююць усё расiйскае жыццё. Гэтая сiла ў свой час распачала перабудову, потым здаецца часова страцiла кантроль за сiтуацыяй. Тым не менш верагодна, што КГБ-ФСБ зноў паспрабуе ўмяшацца ў барацьбу за крамлёўскi трон.
Урокi кастрычнiка 1917 года падказваюць, што сучасны крызiс расiйскай iмперыi з высокай ступенню верагоднасцi можа абярнуцца поўнамаштабнай грамадзянскай вайной. Пры цяперашняй палiтыцы А.Лукашэнкi Беларусь гарантуе сабе ўдзел у гэтай вайне з усiмi яе натуральнымi, але ад гэтага не менш жудаснымi наступствамi. Праўда, беларусам не прывыкаць гiнуць у чужых войнах.

Уладзiмiр СТАРЧАНКА

Hosted by uCoz